Беларусь і Латвія маюць намер вырашыць пытанні, звязаныя з візавым рэжымам

19 февраля 2015

Беларусь і Латвія маюць намер за найбліжэйшы час вырашыць пытанні, звязаныя з лібералізацыяй візавага рэжыму, рэадмісіяй і ўзаемнай мабільнасцю грамадзян Беларусі і Еўрапейскага саюза. У прыватнасці, палітычнае рашэнне можа быць прынятае на найбліжэйшым рыжскім саміце "Усходняга партнёрства". Наконт гэтага сёння заявілі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Латвіі па выніках перамоў у Мінску. Акрамя таго, як старшыня Савета Еўрасаюза афіцыйная Рыга прыкладзе ўсе намаганні для пашырэння сувязяў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. У сваю чаргу Беларусь разлічвае на раўнапраўныя адносіны ў рамках ініцыятывы "Усходняе партнёрства" з боку ЕС з улікам нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў, падкрэсліў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей.

Эдгарс Рынкевічс асабліва адзначыў канструктыўную ролю і пазіцыю Беларусі ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту, у тым ліку праведзены ў Мінску мірны саміт у "нармандскім фармаце". Кіраўнік латвійскай дыпламатыі падкрэсліў: ад выканання мінскіх пагадненняў і нармалізацыі сітуацыі ва Украіне будуць залежаць будучыя адносіны двух рэгіянальных аб'яднанняў - Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў.

Адказалі міністры і на пытанне наконт палітычнай разрадкі ў адносінах ЕС і Беларусі. Уладзімір Макей падкрэсліў, што як незалежная дзяржава Беларусь не збіраецца выконваць нічые патрабаванні за рамкамі ўласнай Канстытуцыі, законаў і міжнародных абавязацельстваў. Латвійскі калега адзначыў, што ў аснове ўсіх нявырашаных супярэчнасцяў павінен быць адкрыты дыялог, а не ўльтыматумы. Такі дыялог паміж суседзямі наладжаны і развіваецца.