Беларусь і ЕС вырашылі складаныя пытанні ў перамовах па спрашчэнні візавага рэжыму

13 декабря 2018

Знойдзены прымальныя для ўсіх бакоў палажэнні дакумента. Аб гэтым паведамілі ў МЗС нашай краіны. Дарэчы, адна еўрапейская краіна выступае супраць падпісання пагаднення. Гэты фактар у знешнепалітычным ведамстве назвалі другарадным.

Анатоль Глаз, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Тое, што  апошнім часам хтосьці спрабуе ператварыць практычна завершаны перагаворны працэс у нейкую гульню ў адны вароты, - гэта другарадна. З падпісаннем пагаднення колькасць віз для беларусаў не вырасце, а наадварот паменшыцца, таму што будзе больш выдавацца шматразовых і доўгатэрміновых віз. Толькі 1 з 28 краін - членаў ЕС не згодная з гэтым відавочным фактам".

Між тым, адносіны нашай краіны з Еўрапейскім саюзам сёння абмяркоўваюць у Бруселі. Там праходзіць шостае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь - ЕС. Асаблівая ўвага - стану двухбаковых адносін і ўдзелу Мінска ў ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства".