Беларусь і Аўстрыя адкрываюць новую старонку ў адносінах

13 октября 2015

Сёння Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з першым намеснікам старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі Карлхайнцам Копфам, а таксама з прэзідэнтам Палаты эканомікі гэтай краіны Крыстафам Ляйтлам. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краін вялікі вопыт супрацоўніцтва, асабліва ў інвестыцыйнай сферы. Тым не менш трэба рухацца наперад. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў аўстрыйскаму боку за інвестыцыі і крэдытную дапамогу, аказаныя пры мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. А таксама падкрэсліў, што ў Беларусі будуць з вялікім задавальненнем вітаць аўстрыйскі бізнес.

Карлхайнц Копф, першы намеснік старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі: "У нас гавораць, што не бывае выпадковых супадзенняў. І я думаю, што наша сустрэча таксама не выпадковае супадзенне, а ўдалы збег акалічнасцяў. У мінулую нядзелю вы атрымалі пераканаўчую перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Учора Еўрасаюз зрабіў першы крок да адмены санкцый. Упэўнены, што будуць і іншыя крокі, у тым ліку і ў нашых адносінах. Беларусь і Аўстрыя ўступаюць у новую эру супрацоўніцтва".

Аўстрыя - адна з самых багатых краін свету, адзін з асноўных інвестараў у эканоміку Беларусі. Сёння ў нашай краіне ажыццяўляюцца 4 буйныя інвестыцыйныя праекты з аўстрыйскім капіталам. Агульная сума - больш за 400 мільёнаў долараў. Асноўныя кірункі - выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, утылізацыя адходаў, будаўніцтва і дрэваапрацоўка.