Беларусь гатовая весці адкрыты дыялог з міжнароднымі арганізацыямі аб ужыванні смяротнай кары

15 марта 2018

Пра гэта гаварылася падчас сустрэчы ў Магілёве еўрапейскіх экспертаў, рабочай групы парламента з ізноў абранымі дэпутатамі мясцовых Саветаў. Больш за 20 гадоў таму на рэферэндуме беларусы выказаліся за захаванне выключнай меры пакарання. Сусветным вопытам у гэтым пытанні з пункта погляду прававых норм, уласным бачаннем сітуацыі падчас такіх сустрэч у рэгіёнах дзеляцца навукоўцы-юрысты, дыпламаты і палітычныя дзеячы. Форумы ўжо прайшлі ў Гродне і Брэсце.

Андрэй Навумовіч, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мы для абмеркавання гэтага пытання запрашаем міжнародных экспертаў. Хачу ім выказаць таксама словы падзякі - вельмі актыўна прыязджаюць да нас і аказваюць сваё садзейнічанне ў абмеркаванні гэтага пытання".

Нікаля Перон, праграмны дырэктар НГА "Разам супраць смяротнай кары" (Францыя): "Мы настроеныя на супрацоўніцтва з Беларуссю і ў гэтай галіне. За апошнія 20 гадоў мы адзначаем вельмі важныя і пазітыўныя змены ў краіне - памяншаецца колькасць людзей, да якіх ужывалася смяротная кара. Нам трэба разам і далей актыўна працаваць у гэтым кірунку".

Падчас візіту ў Магілёве міжнародныя эксперты і парламентарыі сустрэліся з юрыстамі абласнога суда і студэнтамі.