Беларусь годна спраўляецца з роляй пасрэдніка ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе

5 июня 2019

Высока ацаніў уклад Мінска ў вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны саветнік па пытаннях палітыкі Еўрапарламента Грэгары Жульен. Заява прагучала сёння на палях міжнароднай канферэнцыі "Беларусь у сучасных геапалітычных і геаэканамічных працэсах". Дыпламат таксама падкрэсліў, што Брусель лічыць нас важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін.

Грэгары Жульен, саветнік па пытаннях палітыкі Еўрапарламента: "Як мы бачым па ўкраінскім крызісе, Беларусь выдатна спраўляецца з роляй медыятара. Вельмі важна, што ваша краіна працягвае дапамагаць знаходзіць пункты судакранання ў пошуках кансенсусу. І Еўрасаюз лічыў і лічыць Беларусь вельмі важным партнёрам на міжнароднай арэне".

І сёння ў Мінску пройдзе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне. Прадстаўляць Кіеў на перамовах будзе экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма. Раней кіраўнік украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі запэўніў, што ў іх ёсць свежыя напрацоўкі. Кіеў, як вядома, выступае за аднаўленне перамоў па Данбасе ў "нармандскім фармаце" і за разблакіраванне мінскага працэсу.