Аляксандр Лукашэнка ў Сочы сустракаецца з Уладзімірам Пуціным

7 декабря 2019
Пад знакам беларуска-расійскага партнёрства. Перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва сёння абмяркоўваюць на самым высокім узроўні. Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Сочы з рабочым візітам, каб са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным яшчэ раз дэталёва разгледзець ключавыя моманты двухбаковых адносін.

На парадку перамоў толькі эканамічны блок пытанняў 


Да перамоў, якія павінны пачацца з хвіліны на хвіліну ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай, павышаная ўвага.  Насуперак розным здагадкам, якія менавіта пытанні плануюць разгледзець прэзідэнты, парадак перамоў выключна эканамічны. Асноўнай тэмай абмеркавання стануць перспектывы паглыблення інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, а менавіта  - дарожныя карты, над якімі некалькі месяцаў актыўна працавалі ўрады дзвюх краін. Так, з 31 дакумента большасць пытанняў узгоднена прэм'ер-міністрамі напярэдадні, але шэраг прынцыповых для нас момантаў усё яшчэ не вырашаны. У тым ліку па-ранейшаму няма дамоўленасцяў па нафце і газе. 

Канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расіяй, але на раўнапраўнай аснове


Беларусь дабіваецца справядлівых цэн на энерганосьбіты, бо працуем мы на адным саюзным рынку, а таму і ўмовы павінны быць роўнымі. Гэтая тэма таксама ўключана ў парадак сённяшняга дыялогу двух лідараў. 

Нагадаем, раней на сустрэчы з парламентарыямі Аляксандр Лукашэнка ўжо агучваў пазіцыю афіцыйнага Мінска: мы настроены на канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расіяй, але яно павінна быць раўнапраўным. Адметна, што перамовы лідараў праходзяць напярэдадні 20-годдзя падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Падрабязнасці сустрэчы глядзіце ў "Панараме".