Аляксандр Лукашэнка: Маючыя адбыцца парламенцкія выбары трэба правесці годна і сумленна

2 мая 2019

Маючыя адбыцца парламенцкія выбары  трэба правесці годна і сумленна. А ў выбарчай кампаніі  чакаюць актыўнага ўдзелу і ад прафсаюзаў. Пра гэта сёння ішла размова на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі  з Міхаілам Ардой. Акрамя таго, перад Федэрацыяй прафсаюзаў сёння стаяць і сур'ёзныя задачы  па маніторынгу цэн. Прэзідэнт  заклікае больш актыўна весці такі народны кантроль. Вольга Макей прадоўжыць.

Каб маштабы гэтага аб'яднання былі  больш зразумелыя, вось толькі некалькі лічбаў: федэрацыя ўключае паўтара дзясятка галіновых прафсаюзаў, 6 абласных і сталічнае аб'яднанне, а яшчэ 137 раённых і гарадскіх. 

Фактычна ў прафсаюзах  кожны другі жыхар Беларусі - больш  за 4 мільёны чалавек. А гэта  амаль усё эканамічна актыўнае насельніцтва краіны.

Вядома, такое маштабнае, згуртаванае і арганізаванае аб'яднанне для краіны важная апора. Менавіта з гэтай думкі і пачне сустрэчу са старшынёй федэрацыі Прэзідэнт краіны. Наперадзе ў беларусаў сур'ёзны электаральны перыяд, а таму і перад прафсаюзамі стаяць асаблівыя задачы: ад перадвыбарных аргпытанняў да вылучэння кандыдатамі лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Яшчэ адна важная задача прафсаюзаў - маніторынг цэн. З 2017 года народныя кантралёры кожны месяц вывучаюць кошт тавараў па амаль сотні пазіцый. Пад такім наглядам 274 магазіны крокавай даступнасці, буйныя сеткі і гандлёвыя аб'екты  незалежна ад формы ўласнасці. Звесткі свайго маніторынгу прафсаюзы перадаюць у МАРГ і ўрад. Агульная задача - не дапусціць росту цэн па найважнейшых для насельніцтва таварах. Аб гэтым даручэнні Прэзідэнт нагадваў і падчас штогадовага Паслання, актуалізавалі задачы і сёння.

Крыху пазней журналістам Міхаіл Арда раскажа: каб выпрацаваць выразныя падыходы па цэнаўтварэнні, Прэзідэнт даручыў у найбліжэйшы час сабрацца на нараду. Галоўнае (і сёння гэта гучала не раз) - ніхто не мае права нажывацца на кашальках людзей. Наогул для прафсаюзнага руху Беларусі гэты год юбілейны - 115 гадоў. Дарэчы, да прафсаюзаў непасрэднае дачыненне мае і Аляксандр Лукашэнка (у свой час узначальваў пярвічную арганізацыю). Таму ў гонар знакавай даты ад федэрацыі сёння ўручылі ўзнагароду Прэзідэнту.