Аляксандр Лукашэнка адправіўся з рабочым візітам у Туркменістан

10 октября 2019

У Ашхабадзе ўжо заўтра адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Удзел у ім прыме  і наш Прэзідэнт - Аляксандр Лукашэнка адправіўся з рабочым візітам у Туркменістан. У гэтыя хвіліны борт нумар адзін прызямліўся ў туркменскай сталіцы. На парадку дня - шырокае кола  пытанняў у галіне  эканомікі, барацьбы з тэрарызмам, гуманітарнай сферы і спорце. Акрамя таго, для лідараў такія сустрэчы - яшчэ і магчымасць абмеркаваць двухбаковыя адносіны.

Папярэднічае саміту Садружнасці пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін аб'яднання - гэта традыцыйная практыка для кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў. Сёння на сустрэчы прагучала пазіцыя Беларусі па шэрагу актуальных пытанняў, звязаных з забеспячэннем міру, бяспекі, эканамічнага развіцця ў нашай краіне і вакол яе ў Еўрапейскім рэгіёне і на постсавецкай прасторы. Партнёры па садружнасці паінфармаваныя аб тых ініцыятывах, якія ў гэтай сувязі былі вылучаны  Прэзідэнтам Беларусі. У ліку важных тэм - праект стратэгіі гарантавання  інфармацыйнай бяспекі краін СНД.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Сёння гэтая тэма выходзіць у разрад прыярытэтных. Мы з'яўляемся сведкамі хакерскіх атак супраць не толькі нейкіх устаноў, але і цэлых краін. Таму гэтая тэма будзе абмяркоўвацца і на пасяджэнні СМЗС, і на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў. І Беларусі ёсць аб чым праінфармаваць калегаў. У нас прынятая адпаведная канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, існуе шэраг ініцыятыў, накіраваных на ўдасканаленне гэтай дзейнасці".

Па выніках зацверджана Праграма дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі. Гэта дапаможа цясней каардынаваць дзейнасць на міжнароднай арэне. Усяго на сустрэчы міністраў замежных спраў Садружнасці быў разгледжаны дзясятак пытанняў. У іх ліку - праект звароту кіраўнікоў дзяржаў СНД да народаў краін Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. На саміце лідараў у Ашхабадзе чакаецца прыняцце дэкларацыі аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве краін СНД.

У парадку дня маючай адбыцца сустрэчы лідараў СНД - і ўзаемадзеянне ў праваахоўнай і ваеннай галінах, тэма барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам.