Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч апублікавалі перадвыбарныя праграмы

16 сентября 2015

Менш за месяц да прэзідэнцкіх выбараў. Сёння сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці таго, як праходзіць этап агітацыі, што чакае ў найбліжэйшыя дні кандыдатаў.

Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч скарысталіся сваім правам і апублікавалі перадвыбарныя праграмы ў самым тыражным рэсурсе краіны - "СБ - Беларусь сегодня". Праграмы кандыдатаў ужо размешчаныя на сайце холдынга - sb.by і ўжо заўтра з'явяцца і ў друкаванай версіі.

Праграма Аляксандра Лукашэнкі мае назву "За будучыню незалежнай Беларусі". Яна абапіраецца на поспехі ўжо створанай першай незалежнай беларускай дзяржавы і дэкларуе 5 стратэгічных задач. Гэтае захаванне і развіццё суверэнітэту, міру і парадку, сацыяльных гарантый, магчымасць кожнаму зарабіць на годнае жыццё, уваходжанне Беларусі ў групу самых развітых краін свету. У праграме тры ключавыя мэты: занятасць, экспарт і інвестыцыі.

Як вынік мадэрнізацыі ў эканоміцы, палітыцы і сацыяльнай сферы эксперты адзначаюць рост золатавалютных рэзерваў, скарачэнне знешняга доўгу і барацьбу з манапалізмам, карпаратыўнае кіраванне дзяржпрадпрыемствамі, дэбюракратызацыя і больш паўнамоцтваў парламенту і мясцовай уладзе. Акрамя таго, пяцігадовы мараторый на павелічэнне і ўвядзенне новых падаткаў, развіццё фондавага рынку, высакахуткасны Інтэрнэт стандарту 4 і 5 G, венчурная індустрыя. Нарэшце, даступнае іпатэчнае крэдытаванне новага жылля.

Праграма Мікалая Улаховіча называецца "За мір, спакой і парадак". Яна ўтрымлівае падрабязную біяграфію кандыдата. Галоўны прыярытэт - захаванне самабытнасці і традыцый беларускага народа. У знешняй палітыцы акцэнт зроблены на еўразійскія праекты, СНД і адносіны з Расіяй. Важны блок прысвечаны духоўна-патрыятычнаму выхаванню праз адраджэнне роднай мовы, талерантнасць і захаванне гістарычнай праўды.

З канкрэтных прапаноў палітычныя аналітыкі вылучаюць наступныя: пераход на змяшаную сістэму выбараў па партыйных спісах, удзел грамадства ў барацьбе з карупцыяй, укараненне "зялёных" тэхналогій і скарачэнне падаткаў, гарантыя поўнай занятасці для працаздольнага насельніцтва. "Крытэрыем для звальнення работніка павінен быць не ўзрост, а якасць выкананай працы", - сказана ў праграме. Акрамя таго, робіцца стаўка на безадходныя тэхналогіі ў вытворчасці і паскоранае развіццё лагістычных цэнтраў.

Нагадаем, заўтра праграмы Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча з'явяцца ў друкаванай версіі "СБ - Беларусь сегодня". Гэтым жа правам могуць скарыстацца яшчэ 2 кандыдаты ў Прэзідэнты: Сяргей Гайдукевіч і Таццяна Караткевіч.