Актыўнасць сёлетняй парламенцкай кампаніі перавышае папярэднія

20 июля 2016

Актыўнасць сёлетняй парламенцкай кампаніі перавышае папярэднія. Гэта сёння ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Зараз паралельна праходзяць два этапы - вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Палітычныя партыі, рухі і працоўныя калектывы павінны да 1 жніўня вызначыць сваіх прэтэндэнтаў у парламент. А ініцыятыўным групам неабходна сабраць не менш за тысячу аўтографаў выбаршчыкаў. У Беларусі ўжо сфарміраваныя ўчасткі для галасавання. Усяго іх 6018. 74 будуць працаваць за мяжой. Тым часам колькасць нацыянальных назіральнікаў павялічылася да 376-ці. Акрэдытацыю атрымалі і 56 міжнародных.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Актыўнасць суб'ектаў, якія вылучаюць кандыдатаў, крыху большая, чым падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Па-першае, колькасць ініцыятыўных груп большая. Сёння 445 ініцыятыўных груп працуюць па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў. Праходзяць з'езды палітычных партый і большую колькасць кандыдатаў яны вылучаюць. Да нас яшчэ ад партый дакументы не паступілі (пасля з'езду трэба яшчэ аформіць усе дакументы), але паводле інфармацыі ад партый мы ведаем, што гэтых прадстаўнікоў ужо больш".

З 1 па 11 жніўня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Пасля гэтага пачнецца адзін з самых актыўных этапаў кампаніі - агітацыя. Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасня.