А. Лукашэнка: Бар’ераў у ЕАЭС звышдастаткова

2 Кастрычніка 2019

Учора на саміце ў Ерэване кіраўнікі дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза зацвердзілі канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку. Яна стане асновай для забеспячэння вольнага руху капіталу і паслуг.

Пра гэта падчас выступлення на пашыраным пасяджэнні паведаміў Прэзідэнт Беларусі. Арганізацыя такога рынку павінна быць спалучаная з лічбавізацыяй: гэта дазволіць развіваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі і зрабіць больш даступным увесь спектр падобных паслуг.

А. Лукашэнка пра бар'еры ў ЕАЭС

Сёння мы надзялілі камісію паўнамоцтвамі ў пытаннях маркіроўкі тавараў і сачэння за іх рухам. ЕЭК павінна гарантаваць, што гэтыя прагрэсіўныя прапановы не павярнуцца новымі перашкодамі ў гандлі. Бар'ераў у саюзе і так звышдастаткова. Асабліва насцярожвае, калі яны ўводзяцца ў такіх адчувальных сферах, як, напрыклад, дзяржзакупкі. Надышоў час кіраўнікам дзяржаў разгледзець набалелую тэму і прыняць палітычнае рашэнне. Магчыма, варта пашырыць кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі і суда ЕАЭС.

Далейшае развіццё ЕАЭС

У развіцці саюза вялікае значэнне надаецца кантактам з краінамі далёкай дугі. У іх ліку Аляксандр Лукашэнка вылучыў Іран і Сінгапур. Дарэчы, з Сінгапурам ужо на гэтым саміце было падпісана пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю. Зараз краіны - удзельніцы ЕАЭС і Сінгапур змогуць здзяйсняць імпарт і экспарт тавараў з абнуленымі мытнымі пошлінамі. Усяго парадак дня саміта ўключаў паўтара дзясятка пытанняў, у тым ліку  зняцце абмежаванняў - іх у ЕАЭС ужо 52. Акрамя таго, расце колькасць бар'ераў. Пазіцыя Беларусі: усе дзяржавы павінны актыўна працаваць над гэтым пытаннем.

У 2020 годзе Беларусь старшынствуе ў ЕАЭС

Чарговы саміт ЕАЭС адбудзецца ў снежні ў Санкт-Пецярбургу. Там павінны прыняць рашэнне аб складзе калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. А ў наступным годзе старшынства ў ЕАЭС пяройдзе да нашай краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь рыхтуецца да гэтага перыяду з усёй сур'ёзнасцю.