А. Кабякоў: Беларусь надае асаблівае значэнне Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве

13 декабря 2016

Беларусь падчас старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве ў 2017 годзе будзе садзейнічаць пашырэнню міжнародных кантактаў арганізацыі.

Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках пасяджэння кіраўнікоў урадаў краін - удзельніц аб'яднання. Правядзенне саміту ў Сараеве мае асабліваее значэнне. Сёння Еўропа сутыкаецца з шэрагам сур'ёзных выклікаў - такімі, як міграцыйны крызіс і радыкалізацыя грамадства. У сукупнасці з эканамічнымі складанасцямі  гэта мае беспрэцэдэнтную пагрозу еўрапейскім інтэграцыйным працэсам. Эфектыўна супрацьстаяць існуючым выклікам можна толькі праз дыялог і супрацоўніцтва паміж усімі еўрапейскімі краінамі - такая пазіцыя Мінска.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі: "Беларусь надае асаблівае значэнне Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве як важнай і значнай платформе для развіцця дыялогу і прагматычнага супрацоўніцтва ў рэгіёне. Падчас старшынства мы жадаем больш адрасна папрацаваць над інфраструктурнымі злучэннямі - як ключавым фактарам гандлю, эканамічнага росту і стабільнасці. Неабходна сумесна паспрабаваць знайсці рашэнні для ліквідацыі існуючых "вузкіх месцаў" у транспартнай інфраструктуры, для паляпшэння транзітных магчымасцяў і лагістычных ланцужкоў, шырэйшага ўкаранення сучасных інфармацыйных тэхналогій і рашэнняў".

На палях саміту беларускі прэм'ер-міністр правёў сустрэчу са сваім баснійскім калегам - Дэнісам Звіздзічам. Бакі абмеркавалі перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва, магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў, а таксама пытанні маючага адбыцца старшынства нашай краіны ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве. Летась тавараабарот паміж Беларуссю і Босніяй і Герцагавінай склаў 68 мільёнаў долараў. Гэта  амаль утрая больш у параўнанні з 2014-м.