4,5% выбаршчыкаў ужо прагаласавалі

7 октября 2015

Напярэдадні ў Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне. У першы дзень выбар зрабілі чатыры з паловай працэнты выбаршчыкаў. Такія лічбы сёння апублікаваныя на сайце ЦВК.

У гэтыя хвіліны на адным з выбарчых участкаў Мінска знаходзіцца наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская (прамое ўключэнне).

Сёння ў Беларусі другі дзень датэрміновага галасавання, і ён не менш актыўны, чым першы. Я зараз знаходжуся на выбарчым участку № 48 Ужо з 10 раніцы сюды прыходзяць людзі, каб пакінуць свой голас за аднаго з кандыдатаў. На гэтым участку зарэгістравана каля 1000 выбаршчыкаў. Дарэчы, сярод іх і кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна павінна прыбыць сюды ў 12:30. З-за вельмі шчыльнага рабочага графіка старшыня ЦВК заўсёды галасуе датэрмінова.

Пры датэрміновым галасаванні прысутнічаюць як нацыянальныя, так і міжнародныя назіральнікі. Яны сочаць, каб галасаванне праходзіла адкрыта і празрыста, і, наколькі я ведаю, заўваг з іх боку не было.

Хачу адзначыць, што на выбарчых участках усё падрыхтаванае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх галасаванне павінна быць камфортным. Напрыклад, для інвалідаў па зроку распрацавалі спецыяльныя трафарэты, надрукаваныя шрыфтам Брайля, а выбаршчыкі са слабым зрокам могуць скарыстацца лупамі.

Дарэчы, у Беларусі надрукавана больш за 7 мільёнаў бюлетэняў - па колькасці патэнцыяльных выбаршчыкаў. І яшчэ 5% надрукавана дадаткова. Яны патрэбныя на той выпадак, калі выбаршчык пры запаўненні дакумента зрабіў памылку. Калі такое адбылося, і грамадзянін яшчэ не паспеў апусціць бюлетэнь у скрыню для галасавання, ён мае права папрасіць у члена выбарчай камісіі новы бюлетэнь. Сапсаваны будзе пагашаны і ў далейшым не ўлічваецца.

Усяго ў Беларусі і за яе межамі створана больш за 6 тысяч участкаў для галасавання. Яны адкрытыя для кожнага выбаршчыка, хто вырашыў прагаласаваць датэрмінова, з 10 раніцы да 7 гадзін вечара. Перапынак з 14:00 да 16:00. Працаваць участкі будуць да 10 кастрычніка ўключна. Так што калі ў вас не атрымаецца прагаласаваць у асноўны дзень выбараў, 11 кастрычніка, зрабіце гэта ў гэтыя дні, бо кожны голас павінен быць пачуты.