18 лютага ў Беларусі адбыліся выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў

18 февраля 2018

Галоўная палітычная падзея тыдня - выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Дзень ікс - нядзеля, і сёння ў "Галоўным эфіры" ўся апошняя інфармацыя з выбарчых участкаў, а таксама цэлы шэраг інтэрв'ю з людзьмі, якія да гэтых выбараў маюць непасрэднае дачыненне.

Галоўная сутнасць гэтых выбараў: хочаш, каб у тваім горадзе і раёне ўсе пытанні вырашаліся хутка і эфектыўна, выбірай таго, хто здольны гэта зрабіць. Любая выбарчая кампанія ахінутая вялікай колькасцю статыстыкі, лічбаў і звестак. Не абышла цікавая нумералогія і выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Такім чынам, 18 лютага 2018 года беларусы выбіралі 18 000 дэпутатаў тэрмінам на чатыры гады. А тут ужо падлучаецца і геаметрыя: народныя выбраннікі сфарміруюць 1309 Саветаў, такі трохвугольнік: вяршыня - абласныя і Мінскі гарадскі савет - іх сем. Сярэдзіна - раённыя і гарады абласнога падначалення. Аснова - пасялковыя і сельскія Саветы, яны падмурак, а значыць, іх большасць - 1174.

Зрэшты, амаль сем мільёнаў беларусаў аддавалі галасы за аднаго дэпутата ад сваёй акругі. І выбіраць было з каго. Звыш дваццаці дзвюх тысяч прозвішчаў і партрэтаў на агітплакатах, прычым палова - цалкам новыя твары. Больш за тое, кожны другі суіскальнік мандата - жанчына. А кожны дваццаты – маладзейшы за трыццаць гадоў. У дадатак большасць кандыдатаў сапраўды народныя - пераважная большасць збірала подпісы саматугам.

Цалкам інакш склалася і агітацыйная кампанія - яна стала нашмат больш дынамічнай, яскравай, а значыць, прывабнай для беларусаў. Шмат у чым гэтаму спрыяла прафесійная разнастайнасць кандыдатаў. У колькасці вылучэнцаў лідзіруюць светлыя розумы: амаль сем тысяч навукоўцаў, дактароў і настаўнікаў. Следам залатыя рукі нацыі - прамыслоўцы і аграрыі: крыху менш - на дзвесце чалавек. А вось дзяржслужбоўцаў прыкметна паменшылася: за месца ў скліканні нумар 28 спаборнічалі каля дзвюх з паловай тысяч. Падтрымкі са сваімі ідэямі ў насельніцтва шукалі і пенсіянеры. Тут цікавы момант: такія кандыдаты колькасцю амаль дагналі партыйных вылучэнцаў - розніца на дзвесце чалавек. Гатовыя ўзяць на сябе грамадскую нагрузку і непрацуючыя.

Што ж, перадвыбарны ландшафт Беларусі ў 2018 раўнінным ужо сапраўды не назавеш - на любы густ і погляд. А канчатковы краявід мясцовых Саветаў на найбліжэйшыя чатыры гады даведаемся зусім хутка. У Цэнтрвыбаркаме ідзе актыўны падлік галасоў.