10 дзён - да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў

13 марта 2014

Кампанія актывізуецца: кандыдаты энергічна агітуюць, на вуліцах праходзяць пікеты, з'яўляюцца лістоўкі і плакаты. У Віцебскай вобласці на 3218 дэпутацкіх месцаў прэтэндуе на 235 кандыдатаў больш. Выбар хоць і невялікі, але ёсць. Як не памыліцца? Каб адказаць на гэтае пытанне, Вольга Маслоўская малюе партрэт дэпутата.


Адам Канопліч - у палітыцы даўно. Інтарэсы сваёй акругі ў Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў ён прадстаўляў тры скліканні запар. У цяперашняй кампаніі прымае ўдзел выключна ў ролі выбаршчыка. Гаворыць, Саветам патрэбна ратацыя. У свой час дэпутат вылучаўся шляхам збору подпісаў і працоўным калектывам. А гэта, ні многа ні мала, 900 чалавек, якія займаюцца будаўніцтвам і абслугоўваннем дарог рэспубліканскага значэння.


Адам Канопліч, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання: Мы рэалізавалі праект па будаўніцтве дарогі Віцебск - Полацк з добраўпарадкаваннем пасёлкаў Шуміліна і Нікіціхі. Праект па будаўніцтве паўднёва-заходняга абходу Віцебска з будаўніцтвам моста цераз Заходнюю Дзвіну. Сёння будуем дарогу Віцебск - Лёзна - мяжа РФ.


Дарогі - гэта твар краіны, перакананы дэпутат. Прычым, на камфортнае і бяспечнае перамяшчэнне права маюць не толькі жыхары гарадоў, але і глыбінкі. Так, дзякуючы намаганням, у тым ліку дэпутата Канопліча, у Гарадку з'явіўся сучасны мост цераз раку Гараджанка.


Сёлета ў Віцебскай вобласці трэба будзе выбраць больш за тры тысячы дэпутатаў Саветаў розных узроўняў.


Палова прэтэндэнтаў - гэта дэпутаты дзеючага склікання. Пароўну прадстаўлены жанчыны і мужчыны. Амаль 5% кандыдатаў - гэта маладыя людзі да 30 гадоў.


Самы вялікі конкурс традыцыйна - у абласны Савет. Тут на 60 месцаў прэтэндуюць 125 кандыдатаў.


За работу ў мясцовых Саветах зарплата не належыць. Дэпутат - пасада грамадская. А таму, перш за ўсё, на гэтым месцы павінны быць ініцыятыўныя людзі, якія дабіліся поспеху на працы і павагі калегаў.


У гэтую выбарчую кампанію калектыў Віцебскай гімназіі №8 вылучыў свайго кандыдата ў дэпутаты. У вобласці ён свой аўтарытэт ужо зарабіў. Людзі ўпэўненыя, у выпадку абрання ён будзе рэалізоўваць не асабістыя амбіцыі, а вырашаць агульныя праблемы.


Крытэрыі адбору ў кожнага выбаршчыка будуць розныя. І гэта персанальны выбар кожнага, галоўнае, гэты выбар зрабіць.