Зоркі біятлона за мір і шчасце тых, хто ў гэтым мае патрэбу

25 сентября 2015

Сёння трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар'я Домрачава перадала Беларускаму дзіцячаму хоспісу сродкі, сабраныя на дабрачынным марафоне "Гонка легенд". 300 мільёнаў рублёў пойдуць на будаўніцтва новага комплексу для асаблівых дзяцей. Гэтая сума - чысты прыбытак ад спартыўнага фестывалю. У арганізацыі легендарнай гонкі ў Раўбічах не было задзейнічана бюджэтных грошай. У дзіцячым хоспісе Дар'і Домрачавай правялі невялікую экскурсію, пасля спартсменка пагутарыла з дзецьмі і ўручыла ім падарункі. Па словах дырэктара Ганны Гарчаковай, новы хоспіс плануюць дабудаваць ужо да канца года. Засталіся ў асноўным унутраныя работы.

А ўжо пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства ў нефармальных абставінах кіраўніцтва хоспіса і алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава дамовіліся яшчэ наконт аднаго праекта – дабрачыннага аўкцыёну. У якасці лотаў - майкі з аўтографамі знакамітых біятланістаў. Атрыманыя сродкі пойдуць на завяршэнне будаўніцтва дзіцячага хоспіса.

Што да "Гонкі легенд", то ўжо відавочна, падкрэсліваюць у Федэрацыі біятлона, фестываль не можа быць разавым. Зараз разглядаюць усе пажаданні і прапановы ад балельшчыкаў наконт тэрмінаў і рэгулярнасці правядзення спартыўнага фестывалю.