Зуброў Белавежскай пушчы ўсё часцей можна сустрэць на палях

13 января 2016

Зімой гэтыя "чырванакніжнікі" выходзяць за межы запаведніка ў пошуках корму. Без дапамогі чалавека пушчанскім буйвалам у снежныя і марозныя дні цяжка, такі генатып. Аб тым, як ставяцца да лясных гасцей жыхары вёсак, размешчаных каля нацыянальнага парку, - рэпартаж Вікторыі Патоні.

Пушчанскія волаты на гэтых палях - госці частыя. Алег Бурак гаворыць, што спудзіць звера атрымліваецца ненадоўга. Пасігналіць, праз гадзіну зубры зноў на ўгоддзях. З запаведнага лесу яны выходзяць, каб паласавацца свежымі парасткамі азімых і рэшткамі буракоў.

Алег Бурак, дырэктар ААТ "Каленкавічы": "Калі 5 % рапсу будуць пашкоджаны, г.з. недаатрымаем мы ўраджаю, напэўна, не больш. Я сказаў бы, набегі кабаноў у вяснова-летні перыяд на пшаніцу наносяць больш важкую шкоду для гаспадаркі, чым зубр, які наведвае нас у гэты перыяд".

Каля вёскі Каленкавічы нярэдка можна ўбачыць аленяў, казуль, ліс і нават ваўка. Але да такога суседства мясцовыя жыхары ўжо прывыклі.

Апошняя зубрыца ў Белавежскай пушчы была забіта ў пачатку 20-га стагоддзя. Але дзякуючы каласальнай працы ў запаведным лесе ўдалося аднавіць колькасць пушчанскага буйвала.

Папуляцыя зубра на беларускім боку Белавежскай пушчы займае другое месца па колькасці ў свеце пасля Польшчы. Паводле апошніх звестак, тут жывуць каля паўтысячы волатаў. Спецыялісты гавораць, што без дапамогі чалавека гэтым жывёлінам зімой выжыць цяжка. Таму на тэрыторыі нацыянальнага парку абсталяваны спецыяльныя падкормавыя пляцоўкі.

У рацыёне збожжа, сена, камбікорм з вітамінамі. Але, паводле слоў навукоўцаў, калі ўжо гэты "чырванакніжнік" ведае прывабныя месцы, адвадзіць яго складана. Да таго ж аптымальная колькасць асобін у пушчы перавышае норму.

Аляксей Буневіч, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку "Белавежская пушча": "Частка жывёлін прыходзіць у месцы, дзе іх падкормліваюць, але частка апошнім часам, іх дзесьці ўжо працэнтаў 50, выходзіць за межы пушчы, на палі. Справа ў тым, што там больш падросту і падлеску, у пушчы яго мала. Апроч таго, што яны знаходзяць падножны корм, дадаткова харчуюцца дрэўна-галінкавымі кармамі".

Выходзяць зубры да людзей і з польскага боку Белавежскай пушчы. Волат адчувае сябе гаспадаром не толькі запаведнага лесу, але і найбліжэйшых вёсак.

Скарачаць дыстанцыю звера прымушае голад. Ды і супраць прыроды высокую агароджу не ўсталюеш. Гэта добра разумеюць і супрацоўнікі парку, і мясцовыя жыхары. Галоўнае, гавораць, добрасуседства.