Зубр прыбіўся да статка кароў у Верхнядзвінскім раёне

20 сентября 2016

Чарговы ўнікальны выпадак на белорускай пашы. Зубр (на гэты раз па імені Борка) прыбіўся да статка кароў у Верхнядзвінскім раёне. Сваім з'яўленнем лясны волат пастухоў спалохаў, але агрэсію жывёліна не праяўляе, таму работнікі і імя яму далі, і ўжо робяць рэдкія фота. Нагадаем, падобны выпадак адбыўся нядаўна ў Кобрынскім раёне. На гэты раз зубр адышоў ад сваёй кармушкі з салодкімі буракамі амаль на паўсотні кіламетраў. Чаму? Спрабавала высветліць Вольга Маслоўская.

Карычневы карак волата ў статку чорна-белых кароў відаць адразу. Зубра пастухі ўбачылі на досвітку. Вялізная жывёліна хоць і паводзіла сябе спакойна, але вельмі напалохала пастухоў.

Няпрошаны госць пасецца побач са статкам кароў. На адлегласці яго трымае электраагароджа.

Больш чым суткі зубр не адыходзіць ад статка. Пастухі завуць яго Боркам. З задавальненнем фатаграфуюць волата, але бліжэй чым на 15 метраў да яго на ўсялякі выпадак не падыходзяць.


Чырванакніжнік з'явіўся на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна зусім нядаўна. На самую поўнач краіны волатаў завезлі з Белавежскай Пушчы і лясоў Гродзенскай вобласці. Аднаўленне паўночнай папуляцыі зубра - амбіцыйны праект паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны бор" і Нацыянальнай акадэміі навук.

Як правіла, дзікія жывёлы не адыходзяць далёка ад прыкормачных пляцовак. Борка, хутчэй, выключэнне - зараз ён за сорак кіламетраў ад кармушак са збожжам і цукровым бураком.

Зараз у беларускай прыродзе 74 зубры. Яшчэ 38 асобін навукоўцы з "Чырвонага бора" экіпіруюць GPS-ашыйнікамі і позняй восенню таксама выпусцяць у дзікую прыроду. Спецыялісты гавораць: зубр - жывёліна вельмі асцярожная, і сустрэць яго ў дзікай прыродзе - вялікая ўдача.