"Зоне Х" спаўняецца 15 гадоў

14 ноября 2015

Самай рэйтынгавай праграме беларускага тэлебачання сёння спаўняецца 15 гадоў. Нашы калегі - журналісты праграмы "Зона Х" - прымаюць віншаванні. У двухтысячных менавіта яны зараджалі жанр крымінальнай журналістыкі ў Беларусі. Магчыма, таму шматлікія рэпарцёры праекта адзначаныя высокімі ўрадавымі і журналісцкімі ўзнагародамі. Рэпарцёры крымінальнага аддзела працуюць кругласутачна. Начныя і ранішнія дзяжурствы дазваляюць аператыўна прыбыць на месца здарэння і апынуцца ў эпіцэнтры праблемы. Часцяком тэлегледачы гэтай праграмы першымі даведваюцца аб самых рэзанансных падзеях нашай краіны. Карэспандэнт праграмы "Зона Х" Уладзімір Каралёў расказвае пра сваіх калег.

Пад'ём у чатыры, эфір у сем. Гэта сёння дырэктар Агенцтва тэленавін успамінае гэты час з настальгіяй. Тады такая праца была падобная на службу ў арміі - ні хвіліны на спазненне.

Для генпрадзюсара Белтэлерадыёкампаніі Кірыла Казакова "Зона Х" - гэта 11 гадоў працы ў зладжаным калектыве. З іх 8 - на пасадзе кіраўніка праграмы. Першы сюжэт у першы эфір "Зоны Х" запомніўся асабліва, бо гэта быў першы матэрыял, які ўласны карэспандэнт у Магілёве адпраўляў у сталіцу.

Кірыл Казакоў, генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі: "Больш за ўсё запамінаюцца сюжэты, якія здымаюцца на працягу паўгадзіны пасля здарэння. Калі група працуе разам з міліцыяй, пажарнікамі, хуткай дапамогай. Гэтыя рэпартажы запамінаюцца больш за ўсё, таму што там больш за ўсё эмоцый. Тады перадаць, што там адбылося, бывае складана, але даволі цікава".

За 15 гадоў у эфіры "Зона Х" стала візітнай карткай тэлеканала. Бадай, не было ні дня, каб да нас у рэдакцыю не патэлефанавалі людзі падзяліцца сваёй гісторыяй. І ўвесь гэты час мы жывем і працуем для вас.

Ад радавога рэпарцёра да вядучай і кіраўніка праграмы. Штодня Віялета Сакаловіч сярод тых, хто з раніцы фарміруе выпуск крымінальных навін. За яе далікатнымі плячыма таксама праекты "Мы - спецназ" і "Таямніцы следства". А хутка - сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і МУС, але аб гэтым пакуль без каментарыяў.

Віялета Сакаловіч, кіраўнік праграмы "Зона Х": "Адно пытанне, якое я пастаянна чую ад журналістаў - як дзяўчыне ў крымінале? Адкажу: спакойна, добра, якасна і прафесійна. Гэта той любімы занятак, з якім я ўжо 15 гадоў разам. Гэта значыць гэта ўсё".

Ужо мала хто памятае, што старт крымінальнай праграмы планавалі на дзень раней. Але тады панядзелак 13 лістапада палічылі нешчаслівым чыслом для новага праекта, і запуск вырашылі перанесці на наступны дзень - роўна 15 гадоў таму.