Яны дзве гадзіны адказвалі на пытанні, раздавалі аўтографы і дарылі падарункі. Знакамітыя беларускія спартсмены - заслужаны майстар спорту Наталля Цылінская, гімнастка Ксенія Санковіч і самбіст Сцяпан Папоў - разам з прадстаўнікамі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі пабывалі сёння ў Петрыкаўскім спецыяльным ПТВ закрытага тыпу. Зараз у ім жывуць і вучацца больш за 30 дзяўчат ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў. Усе яны стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, мелі праблемы з законам. Спартсмены паглядзелі, як тут асвойваюць прафесію швачкі, а таксама распавялі, як дабіваюцца высокіх вынікаў у вялікім спорце, як змяняецца жыццё пасля ўдзелу ў Алімпіядзе. Дзяўчаты падрыхтавалі для гасцей канцэрт.
Анатоль Котаў, генеральны сакратар НАК Беларусі: "Мы вырашылі паспрабаваць дапамагчы маладым людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, знайсці іншы шлях у жыцці. Таму што аўтарытэт алімпійцаў, спартсменаў, якія дасягаюць чагосьці сур'ёзнага, настолькі высокі, што можа падштурхнуць іншых калі не да заваявання алімпійскіх вышынь, то да перамогі над сабою".
Госці прывезлі ў падарунак спартыўныя касцюмы, красоўкі, мячы, ракеткі і нават батуты, паабяцалі ўзяць над установай шэфства і прыязджаць часцей.













