Зімовая рыбалка зноў становіцца небяспечнай

11 января 2017

Маразы ў Беларусі крыху адступілі, а значыць, зімовая рыбалка зноў становіцца небяспечнай. У Брэсцкай вобласці дзейнічае забарона выхаду на лёд, таўшчыня якога менш за 7 сантыметраў. Ратавальнікі пераконваюць, што нямала каварных месцаў, дзе лёд падмываецца цёплым цячэннем. Аб простых правілах, якія могуць выратаваць жыццё, Вікторыя Патоня.

Белае возера ў Бярозаўскім раёне славіцца сярод рыбакоў. І летам, і зімой сюды з розных куткоў Беларусі прыязджаюць сотні аматараў закінуць вуду. У выхадныя дні тут бывае каля 700 чалавек. Акунь, плотка, шчупак і азарт вабяць рыбакоў, што яны гатовыя часам рызыкаваць, не думаючы пра страхоўку і страх.

Валерый Саліхаў - рыбак з 35-гадовым стажам. Гаворыць, што на лёд не выходзіць, пакуль не пераканаецца ў яго трываласці.

Возера Белае - унікальнае, бо ў яго ўпадаюць два цёплыя каналы, дзе нават у моцныя маразы тэмпература +10. Усё таму, што ваду падагравае мясцовая электрастанцыя. Але ў гэтым і каварства вадаёма. Цячэннем падмывае лёд за лічаныя гадзіны. Былі выпадкі гібелі рыбакоў і нават іх эвакуацыі з крыг, што адкалоліся. У 2007 годзе такім чынам давялося ратаваць 200 чалавек.

Аляксандр Пятроўскі, начальнік Бярозаўскага РАНС: "Цёплае цячэнне падмывае крыгі, яны адрываюцца. Нягледзячы, што сёння таўшчыня лёду 10 см, літаральна на працягу сутак яна можа паменшыцца да 5-3 см, што стварае рэальную пагрозу для рыбакоў".

На возеры штогод праходзяць рэйды. Аматарам зімовай рыбалкі ратавальнікі і міліцыя нагадваюць аб правілах бяспекі.

У ледзяной вадзе чалавек можа знаходзіцца максімум 5 хвілін. Адзенне хутка намакае і цягне на дно. Таму спецыялісты рыбакам рэкамендуюць, перш чым выходзіць на лёд, апранаць вось такія выратавальныя камізэлькі, браць з сабою вяроўку і шыльца, якія ў экстрэмальнай сітуацыі дапамогуць выбрацца з ледзянога палону.

Пры выратаванні пацярпелага з палонкі галоўны фактар - хуткасць. Бо лік ідзе на секунды. З гэтай мэтай вадалазы-ратавальнікі пастаянна адпрацоўваюць навыкі. Праўда, усе трукі выконваюцца ў гідракасцюмах, якія вытрымліваюць мінус 30 градусаў. У звычайным жыцці ўсё значна цяжэй.

З пачатку зімы ў Беларусі патанулі 12 чалавек, прычым 6 з іх за адны выхадныя. Тры трагічныя выпадкі адбыліся ў 2017. У Брэсцкім рэгіёне афіцыйна ўведзена забарона выхаду на лёд, калі яго таўшчыня менш за 7 сантыметраў. Але для рыбакоў на Белым возеры ўжо заўтра дзеля іх жа бяспекі пачне дзейнічаць асаблівая пастаянная забарона выхаду на лёд. Тым больш што ў найбліжэйшыя дні сіноптыкі прагназуюць істотныя тэмпературныя перапады.