Зіма нечакана вырашыла нагадаць аб сабе

17 апреля 2017

Снежная красавіцкая раніца. Менавіта такую карціну назіралі сёння жыхары Беларусі, і менавіта гэтая тэма стала самай абмяркоўваемай. Зіма нечакана вырашыла нагадаць аб сабе. У Віцебску пабіты метэарэкорд. Раніца стала самай снежнай за ўсю гісторыю назіранняў у рэгіёне - вышыня покрыву дасягнула 9 сантыметраў. Непагадзь дадала працы энергетыкам: за суткі было абясточана 180 населеных пунктаў. Але энергазабеспячэнне было хутка адноўлена. У цэлым моцны вецер і снег значнага ўплыву на працу энергасістэмы краіны не аказалі. Заўтра ў Беларусі чакаецца да мінус 10-ці градусаў, на асобных дарогах - галалёдзіца. Некалькі гадоў назад зіма ўжо здзіўляла нас сакавіцкім "Хаўерам". Калі сёлета вернецца вясновае цяпло, даведвалася Марына Раманоўская.

Жыхарка Віцебска Вольга Дулінец прызнаецца: да такога невясновага надвор'я была не гатова. Нават шчотку для расчысткі снегу сёння прыйшлося прасіць у суседзяў. Сваю аўталэдзі ўжо прыхавала да наступнай зімы. Ды і машыну паспела пераабуць у летнюю гуму. Але надвор'е паднесла сюрпрыз. Гэтая раніца ў паўночным рэгіёне краіны стала самым снежным за ўсю гісторыю метэаназіранняў.

Адразу некалькі метэарэкордаў было ўсталявана ў Беларусі. Вышыня снежнага покрыву ў Віцебску дасягнула дзевяці сантыметраў. Такое надвор'е ў паўночным рэгіёне назіралася больш за 30 гадоў назад. Тады, 17 красавіка, у абласным цэнтры выпала 7 сантыметраў снегу. Зіма, якая вярнулася ў сярэдзіне красавіка, здзівіла і рэкордна нізкай тэмпературай. Гэтай ноччу тэрмометр паказваў мінус шэсць.

Наталля Трашкова, інжынер-сіноптык Віцебскага аблгідрамета: "Арктычныя паветраныя масы абумовілі паніжэнне тэмпературнага фону да сакавіцкіх значэнняў. Стала халадней на 4-6 градусаў. Звычайна ў гэты час снегу ўжо не было. Толькі ў 2013 годзе снег залягаў у асобных раёнах вобласці".

Кіраўнік гаспадаркі "Зарэчны-Агра" Анатоль Барко нічога страшнага ў нечаканым вяртанні зімовай сцюжы не бачыць. Ападкі былі кароткачасовымі і асаблівай шкоды пасевам не нанеслі. Аграрыі мяркуюць: ранняя сяўба, нават улічваючы падобную рызыку капрызаў надвор’я, заклад добрага ўраджаю.

Анатоль Барко, старшыня СВК "Зарэчны-Агра": "Гэтыя маразы для нашай гаспадаркі істотнай шкоды не акажуць на атрыманне ўраджаю. І рапс, і азімыя зерневыя выйшлі з зімоўкі вельмі добра. Вядзецца падкорм".

Моцны вецер і снег не паўплывалі і на працу асноўнай сеткі энергасістэмы краіны. Усяго ж за суткі былі абясточаныя 180 населеных пунктаў. Большасць пашкоджанняў ліквідавалі на працягу некалькіх гадзін. Стабільная сітуацыя і на дарогах краіны. Як адзначаюць у ДАІ, усплёску аварый з-за красавіцкага галалёду не зафіксавана.

Аляксандр Бруй, старшы інспектар УДАІ МУС Беларусі: "За гэтыя выхадныя колькасць ДТЗ па рэспубліцы нават паменшылася. Да прыкладу, за нядзелю адбылося 164 ДТЗ, толькі ў пяці пацярпелі людзі. Калі параўноўваць з папярэднім перыядам, 16 красавіка 2016, там было каля 170 ДТЗ. Таму вадзіцелі шматлікія ўлічылі ўскладненыя дарожныя і ўмовы нодвор’я і таму паводзілі сябе больш акуратна і ўспомнілі асновы бяспекі пры кіраванні аўтамабіля ў зімовы перыяд".

Красавіцкі снег маментальна стаў галоўным ньюсмейкерам. Фатаграфіі беларусы актыўна посцяць у Інтэрнэце. Ну а пакуль дарослыя робяць селфі на фоне заснежаных машын, маленькія беларусы гуляюць у сняжкі.

Бліжэй да вечара снег у паўночным рэгіёне краіны практычна растаў. Гэтай ноччу на паўночным усходзе Беларусі чакаецца да мінус дзесяці. На дарогах - галалёдзіца.

Не па-вясноваму халоднай будзе і ўвесь наступны тыдзень. Сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 3 - 7 градусаў ніжэй за норму. Вясновае цяпло, паводле прагнозаў сіноптыкаў, у Беларусь вернецца толькі ў канцы красавіка.