Журналісты з 15 рэгіёнаў Расіі працягваюць знаёмства з нашай краінай

2 ноября 2017

Больш за тры сотні журналістаў з 15 рэгіёнаў Расіі працягваюць знаёмства з нашай краінай. Прадстаўнікі масмедыя ўжо ўбачылі, як ствараюцца слуцкія паясы, ацанілі магутнасць гіганцкіх БелАЗаў. А сёння ў Мінску пазнаёміліся з вытворчасцю электробусаў. Тое, што нашы калегі з Расіі ўбачылі, назвалі галоўнай сенсацыяй прэс-тура. Што ўразіла? Раскажа Ян Пашкевіч.

Электробус 59-га маршрута сёння стаў прэс-цэнтрам для прадстаўнікоў амаль паўсотні расійскіх масмедыя. Нават натрэніраваны беларускімі журналістамі Алег Быцко не паспявае адказваць на пытанні расійскай прэсы. Магчымасць перавесці дух галоўны канструктар Белкамунмаша атрымаў толькі пасля заканчэння тэст-драйву электробуса.

Пакуль адна частка журналістаў разглядае экааўтобус, іншая паспела падлічыць не толькі экалагічныя, але і эканамічныя выгады грамадскага транспарту пакалення next.

Затым экскурсія працягваецца ў вытворчых цэхах – гідам групы стаў генеральны дырэктар. Пачынае агляд з невялікага ўрока геаграфіі прадпрыемства.

Санкт-Пецярбург, Кішынёў - на канцавым прыпынку гэтых новенькіх тралейбусаў значацца дзясяткі гарадоў свету. Тут жа побач журналісты вывучаюць і анатомію электробуса – назіраюць за зборкай машыны. Усё ж інтэрв'ю – літаральна на хаду.

Затым журналісты атрымалі вось такую магчымасць пагуляць самастойна, можна сказаць, вольны час, як бачым, ім цікава амаль усё.

Прасачыць маршрут вялікага туру расійскіх журналістаў можна і па фотаздымках Сяргея Міхеева. Карэспандэнт «Российской газеты» ўжо запоўніў стужку партала навінамі са свайго прэс-турнэ. Але ж яркія ўспаміны ад падарожжа застануцца і ў прыватным фотаальбоме.

Скончыцца вялікая вандроўка прадстаўнікоў расійскіх масмедыя па Беларусі ў суботу. Кожны журналіст прывязе дадому не толькі навіны і артыкулы, але і добрыя ўспаміны пра гасціннасць і адкрытасць сваіх суседзяў.