Жывыя елкі можна будзе набыць на базарах з 22 снежня

29 ноября 2019
Да надыходу  самага любімага свята мільёнаў  застаецца месяц. Новы год і Раство - час цудаў, добрых сустрэч, а яшчэ нечаканых падарункаў і чароўнага водару елкі. Праз два  тыдні пачнецца нарыхтоўка навагодніх дрэў. Іх вырошчваюць  на спецыяльных плантацыях. Жывыя елкі па-ранейшаму ў модзе. Зялёных прыгажунь можна будзе набыць на базарах з 22 снежня. У рэгіёнах краіны цэны адрозніваюцца. Мы пацікавіліся, колькі будзе каштаваць навагодняя прыгажуня ў сталіцы. Кошт елак традыцыйна залежыць ад іх вышыні.

Так, сталічная ялінка (або хвоя) да 1 метра ў сярэднім будзе каштаваць каля 11 рублёў. Дрэва ад 1 да 2 метраў - 13 рублёў. Ад 2 да 3 метраў - 17 рублёў. Па такіх цэнах мінчане змогуць купіць елку ў гандлёвых пунктах  ад дзяржаўных лясгасаў.

Для аматараў падоўжыць жыццё навагоднім елкам, дрэвы ў кадках па-ранейшаму будуць у продажы. За елку вышынёй да 1 метра  цана стартуе ад 12 рублёў, вышынёй ад 1 да 2 метраў - ад 16.50 рублёў, і ад 2 да 3 метраў - ад 18.50 рублёў.

Апроч цэлых дрэў, у лясной гаспадарцы можна купіць навагодні букет з яловых або хваёвых лапак - каштаваць ён будзе ў сярэднім каля 5 рублёў . Гэта добры варыянт для тых, хто не жадае або не мае магчымасці паставіць дома цэлую елку, але жадае атрымліваць асалоду ад навагодняга выгляду і яловага  водару.