Жыткавіцкі мост адкрыюць восенню гэтага года

6 апреля 2018

Самы праблемны і цяпер самы знакаміты ў Беларусі жыткавіцкі мост адкрыюць восенню гэтага года. Афіцыйную заяву зрабіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін. Дзеля выратавання стратэгічна важнага для насельніцтва аб'екта прыйдзецца змяняць рэчышча ракі і нават узрываць старыя канструкцыі. Ці спатрэбіцца адсяленне найбліжэйшых вёсак? І калі пачне працаваць жыццёва важная артэрыя раёна? Рэпартаж Ганны Кавалёвай.

Размова аб набалелым. На парадку дня планёркі пад адкрытым небам - лёс сумна вядомага на ўсю краіну жыткавіцкага моста. Яго вырашаюць прадстаўнікі некалькіх міністэрстваў і намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін. 4 месяцы таму гэты мост даўжынёй амаль кіламетр трэснуў. Рух па ім закрылі. Зараз выхад адзін - знасіць і будаваць зноў.

Аварыйная частка моста ў даўжыню амаль 200 метраў, вага - 3 тысячы тон. Пасля ўзрыву ўся гэтая канструкцыя паляціць уніз. Каб яна не ўпала ў ваду, тут зробяць спецыяльны насып.

Рашэнне аб зносе прымалі разам з навукоўцамі. І альтэрнатывы ўзрыву не знайшлі. Бо ні адзін грузападымальны механізм не зможа дэмантаваць такі аб'ект. Аперацыю плануюць на чэрвень. Зараз ідзе падрыхтоўка. Яе ход кантралюе ўрад краіны.

Узрыў будзе накіраваны і дакладны, таму адсяляць суседнія вёскі, а гэта каля 3 тысяч жыхароў, не будуць. Каб зрабіць такое, прыйдзецца нават змяняць рэчышча ракі. Таму трэба пралічыць усе нюансы, улічыць паводкавыя прагнозы.

Пасля абрушвання аварыйных секцый пачнуць узводзіць новыя апоры і пралёты. Пры гэтым улічаць памылкі мінулага: гэтым разам канструкцыю зробяць металічнай. Пакуль будзе ісці будоўля, дабрацца на іншы бераг можна на пароме. Для яго ўжо зрабілі швартовыя тумбы. Працаваць пачне паслязаўтра. Адначасова будзе ў справе і пантон. Пераправы будуць страхаваць адна адну.

Анатоль Сівак, Міністр транспарту і камунікацый Беларусі: "Будуць праходзіць параходы турыстычныя. Падчас праходу суднаў пантон павінен разводзіцца. І яшчэ пантон абмежаваны па нагрузках. 10-тонныя аўто - паром гэтую задачу вырашае. Ён зможа прапускаць такую тэхніку".

Пасля адкрыцця моста паром пыліцца ў порт не адправяць. Пасля здарэння ў Жыткавічах у краіне праверылі ўсе масты. У выніку стварылі цэлую праграму па іх рэканструкцыі. Сюды ўвайшлі і тыя аб'екты, якія патрабуюць планавых рамонтаў. У спісе 22 масты. Падчас рамонту некаторых таксама спатрэбіцца паромная пераправа. Рэалізаваць праграму плануюць у найбліжэйшыя 7 гадоў.