Жыхарка Старых Дарог большую частку свайго жыцця вышывае на тканіне сапраўдныя карціны

23 октября 2018

Жыхарка Старых Дарог Ніна Пархімовіч большую частку свайго жыцця вышывае на тканіне сапраўдныя карціны. Яна стварыла тысячы кветак, пялёсткаў і птушак.

А зараз на пенсіі часу для творчасці стала значна больш. Таму сваё майстэрства перадае і школьнікам, і дарослым.

Наталля Кезік - пра мастацтва ствараць утульнасць і прыгажосць. Яна памятае кожны шывок і крыжык, які пакінула на белай тканіне. Вось ужо амаль паўстагоддзя Ніна Пархімовіч "малюе" ніткамі, стварае сапраўдныя карціны. І праз гады вышытыя кветкі не страчваюць сваёй прыгажосці.

Некалі маленькую Ніну вышываць навучыла матуля. Кветкі, пялёсткі, птушак жанчына стварае ў трох тэхніках - гладдзю, крыжыкам альбо шыўком. Для карцін на бялюткім палатне выбірае выключна яркі акрыл альбо мулінэ. Тут, у майстэрні, невялікая частка работ Ніны Андрэеўны. Свае даўнейшыя вышыванкі яна перавезла ў бацькоўскую хату, дзе стварае сямейны музей.

З урокамі па вышыўцы Ніну Пархімовіч запрашаюць на раённыя выставы і святы. Маляваць карціны крыжыкам альбо гладдзю вучыць і школьнікаў. Майстэрствам дзеліцца і са сваімі сяброўкамі - на занятках у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. З пяльцамі і іголкай у руках Ніна Андрэеўна не працуе, а адпачывае. І за любімай справай нярэдка сустракае і світанне за акном.

Галоўныя ж урокі па вышыўцы Ніна Андрэеўна дае сваім унукам. За творчай справай разам могуць правесці не адну гадзіну. Нездарма майстар носіць званне супербабулі. Два гады таму яго заваявала на раённым конкурсе. Убор для спаборніцтваў жанчына таксама аздобіла сваімі рукамі.

Зараз Ніна Пархімовіч вышывае крылатых рознакаляровых птушак на белым ручніку. Майстар спяшаецца падрыхтаваць падарункі для сваіх дзяцей, унукаў і сябровак. Таму за вышыўкай яна гатова сустрэць яшчэ не адно світанне.