Жыхары Светлагорскага раёна супрацьстаялі ваўку

22 января 2015

Сапраўдная барацьба за выжыванне разгарнулася ў вёсцы Светлагорскага раёна. Тут мясцовым жыхарам прыйшлося супрацьстаяць ваўку. Звер спачатку нападаў на свойскіх жывёл, а затым і на людзей. Пацярпелыя адпраўленыя ў бальніцу, іх чакае сур'ёзны курс лячэння. Як высветлілася, воўк быў хворы на шаленства. Зараз вёска - пад кантролем. Больш падрабязна - Вольга Халадовіч.

У адрозненне ад укусаў, успаміны сям'і Соніч свежыя, як быццам гэта здарылася ўсяго некалькі хвілін таму. Спачатку воўк атакаваў іх сабаку, затым казу, а потым накінуўся на гаспадароў.

Самае цікавае, расказваюць муж і жонка, страху перад зверам у іх на той момант зусім не было. І забіць разлютаванага драпежніка яны змаглі простым кухонным нажом.

Шакаваных і абкусаных вяскоўцаў даставілі ў мясцовую бальніцу. Там ім аказалі неабходную дапамогу.

У родную вёску мясцовыя героі вернуцца не раней, чым праз тыдзень. Далейшае лячэнне яны будуць атрымліваць амбулаторна.

Свайго ваўка Вера і Анатоль Соніч будуць успамінаць яшчэ доўга. Эксперты ўстанавілі - жывёла хварэла на шаленства. Таму вяскоўцам нават пасля выпісу з бальніцы прыйдзецца праходзіць вакцынацыю.

Выпадкаў, калі воўк нападаў на людзей, у Светлагорскім раёне не памятаюць ні паляўнічыя, ні леснікі. Гавораць, гэты драпежнік - адзіночка і вельмі рэдка выходзіць з лесу. Тым не менш, пасля нападу на жыхароў вёскі Мядзведаў, супрацоўнікі мясцовага лясгаса ўзмацнілі меры засцярогі.

У той вечар няпрошаны госць пабываў не толькі ў гасцях у сям'і Соніч. Спачатку воўк наведаў мясцовую ферму і некалькі сельскіх падворкаў. Таму зараз вёска Мядзведаў - пад асаблівым кантролем прадстаўнікоў санітарнай і ветэрынарнай служб.