Жыхары Суража з нецярпеннем чакаюць, калі пачне працаваць паромная пераправа

18 мая 2016

Пасёлак раздзяляе Заходняя Дзвіна. На адным беразе - аптэка, амбулаторыя, сельсавет, на другім - прамысловыя цэхі і жылая вуліца. Узімку паром рэканструявалі. Але да пачатку сезона пераправа не запрацавала. Данесці праблему да губернатара Віцебскай вобласці дапамаглі прамыя тэлефонныя лініі. Як вырашылася пытанне, ведае Вольга Маслоўская.

Паром праз Заходнюю Дзвіну ў Суражы - візітная картка невялікага пасёлка. Гэта адзіны населены пункт Віцебскай вобласці, дзе дзейнічае паромная пераправа. Але тут яна не дзеля іміджу. Гэта стратэгічны транспарт. Пасёлак раздзелены ракой. На адным беразе - сацыяльныя аб'екты, на другім - жылая вуліца з насельніцтвам сто чалавек.

Паромную пераправу звычайна адкрываюць да пачатку мая. Навігацыйны сезон на Заходняй Дзвіне даўно пачаўся, але паром у Суражы стаіць на прыколе. Прычынай таму - маштабная будоўля на Заходняй Дзвіне. Тут узводзяць гідраэлектрастанцыю. Рэканструкцыя закранула і берагі ў наваколлях Суража.

Рэканструяваны і сам паром. Яго абсталявалі гідраўлічнымі прычаламі, здольнымі вытрымліваць шматтонныя машыны.

А пакуль замест парома берагі Заходняй Дзвіны злучае катар. Ён разлічаны на 9 чалавек. Пераправа займае лічаныя хвіліны.

Праўда, з габарытным грузам на борт не зойдзеш. Веласіпед як выключэнне. Калі людзі да часовых цяжкасцяў прыстасаваліся, то мясцовыя прадпрыемствы нясуць страты. На правым беразе - вытворчыя цэхі. Прадукцыю на катары не перавязеш. А ў аб'езд - 80 кіламетраў.

Звароты грамадзян прымусілі будаўнікоў адкарэкціраваць тэрміны рэканструкцыі пераправы. Спецыялісты абяцаюць: паром пачне функцыянаваць ужо ў чэрвені - на месяц раней, чым было запланавана на паперы.

Мясцовыя жыхары лічаць, што паром - гэта яшчэ і добрая прынада для турыстаў. Каб пракаціцца на рэдкім рачным транспарце, сюды прыязджаюць нават з суседніх рэгіёнаў Расіі. Улетку госці змогуць ацаніць яшчэ і добраўпарадкаваную набярэжную і прычал.