Жыхары сталічнага мікрараёна Сухарава масава пішуць заявы ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна

2 Мая 2016

Яны патрабуюць забараніць будаўніцтва прадпрыемства на месцы пустых плошчаў былой вытворчасці. Для паляпшэння экалогіі ў горадзе многія фабрыкі і заводы сталіцы зараз выносяць за гарадскую рысу. Але на іх месца прыходзяць новыя прадпрыемствы. Як і чаму спальны раён Мінска можа ператварыцца ў індустрыяльны?

У няпростай сітуацыі разбіраўся Уладзімір Каралёў. Даведаўшыся пра тое, што недалёка ад дома ў спальным раёне збіраюцца ўзвесці прадпрыемства па вырабе прэс-форм, Максім Іваноў не паверыў суседзям. Замест былога НВА "Цэнтр" з'явіцца новы завод і трэцяе транспартнае кальцо.

Месяц таму адміністрацыя Фрунзенскага раёна сталіцы завяршыла грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта забудовы вытворчай зоны ля лесапарка Мядзвежына. Па праекце на 33 гектарах тэрыторыі былога аб'яднання "Цэнтр" плануецца размясціць трэцяе транспартнае кальцо, а таксама выдзеліць участкі пад інвестыцыі, сярод якіх магчыма будаўніцтва прадпрыемства, што вырабляе прэс-формы.

Вытворчасць ля жылых дамоў будзе абсалютна бяспечнай, запэўніваюць адміністрацыя раёна і кіраўніцтва прадпрыемства. Сёння прэс-формы вырабляюць у тым жа раёне, за дзясятак метраў ад станцыі метро. І ніякіх скаргаў. Заводу трэба больш месца ў сувязі з павелічэннем вытворчасці.

У кампаніі праблему лічаць надуманай і звязваюць усё з дрэннай інфармаванасцю насельніцтва аб прадпрыемстве. Перанос вытворчасці на 3 км на поўдзень ніяк не паўплывае на экалогію раёна. Да таго ж уся шкодная вытворчасць знаходзіцца ў прамысловай зоне Жодзіна. А ў Мінску забруджванні звязаныя толькі з металічнай габлюшкай.

Жыхары Сухарава супраць з'яўлення прамысловай зоны і прапануюць вывесці прадпрыемства за гарадскую рысу. У Міністэрстве аховы здароўя пра скандал чулі, але нічога пра забруджванне сказаць не могуць, паколькі праверка вытворчасці пачнецца ў выпадку прыняцця рашэння аб будаўніцтве.

Заўвагі і прапановы па ўладкаванні гэтага месца адміністрацыя Фрунзенскага раёна будзе прымаць да 5 мая. А ўжо пазней будзе ўзгадняць з Міністэрствам аховы здароўя і іншымі інстанцыямі. Пакуль жа ўладкаванне гэтай зоны застаецца адкрытым.