Жыхары пасёлка Юбілейны вымушаны мірыцца з нязручнасцямі

25 мая 2015

Усяго дзесяць парковачных месцаў на стакватэрны дом, старая і небяспечная дзіцячая пляцоўка і адкрытая будаўнічая пляцоўка проста пад вокнамі дома. Жыхары пасёлка Юбілейны, што ў Мінскім раёне, ужо шмат гадоў вымушаны мірыцца з праблемамі, якія існуюць у жыллёва-камунальнай сістэме іх раёна.

Надзея Сербіненка выслухала незадаволеных жыхароў. У жыхаркі пасёлка Юбілейны, што знаходзіцца літаральна за два кіламетры ад Мінска, Таццяны Берасневай няма іншага выйсця, як прыводзіць сваіх дзяцей на пляцоўку каля дома. Іншай, кажа жанчына, няма і, хутчэй за ўсё, не будзе ў найбліжэйшы час.

Недахоп парковачных месцаў – яшчэ адна набалелая праблема для жыхароў гэтых дамоў. Згодна з афіцыйным праектам двара, на стакватэрны дом прадугледжана толькі дзесяць парковачных месцаў. Як вынік – аўтаўладальнікі пакідаюць свае машыны на тратуарах, газоне і нават на дзіцячай пляцоўцы.

Мясцовыя ўлады паспрабавалі вырашыць праблему з парковачнымі месцамі – адразу за домам ужо даўно ідзе будаўніцтва новай стаянкі.

Вось тут, згодна з архітэктурным планам, павінна хутка з’явіцца паркоўка. Яна разгрузіць двор ад машын. Але ўся справа ў тым, што будаўніцтва зацягнулася на некалькі гадоў.

Аб праблемах жыхароў некалькіх дамоў кіраўніцтва Сенніцкага выканкама ведае. Увесці ў эксплуатацыю новую стаянку, якая б вырашыла адразу некалькі праблем, будаўнікі абяцаюць вельмі хутка. А вось на аднаўленне дзіцячай пляцоўкі сродкаў у мясцовым бюджэце няма. Адзінае выйсце - падтрымліваць дзіцячае абсталяванне ў парадку сваімі сіламі.

Для многіх жыхароў пасёлка мара аб пераездзе з мегаполіса ў спакойны і ўтульны пасёлак так і засталася мараю. Як апынулася, праблемы вялікіх гарадоў: недахоп парковачных месцаў і старое дзіцячае абсталяванне на пляцоўцы – толькі вяршыня айсберга.