Жыхары пасёлка Ратамка спрабуюць дабіцца рамонту на сваіх вуліцах

4 марта 2017

Сучасныя тэхналогіі вельмі спрашчаюць жыццё людзей і робяць яго больш камфортным. Але часам нават за звычайныя ўмовы даводзіцца змагацца. Так, жыхары пасёлка Ратамка і аграгарадка Гатава ўжо не першы год спрабуюць дабіцца рамонту на сваіх вуліцах. Кіламетры бездарожжа і тратуар прама на праезнай частцы. Каб звярнуць на гэта ўвагу ўладаў, нават падрыхтавалі петыцыі, пад кожнай – больш за паўтары сотні подпісаў. Але праблема дагэтуль не вырашаная. Як дабіраюцца дамоў тыя, хто жыве за МКАДам, убачыла Юлія Грызунт.

Гэтая дарога праходзіць практычна праз увесь пасёлак Ратамка. Праезная частка - амаль 2 кіламетры. Ля кожнага плота прыкладна метр засыпаны зямлёй, але такі "хенд-мейд" домаўласнікаў наўрад ці можна назваць тратуарам. Няма і прыпынкаў. Ліхтары, па словах мясцовых жыхароў, працуюць не заўсёды. Напрыклад, зімой дзеці ідуць у школу па цёмнай дарозе.

Каб засцерагчы сябе і сваіх дзяцей, жыхары Ратамкі напісалі петыцыю. Першы зварот быў складзены яшчэ ў 2015 годзе, зараз іх ужо тры. І на ўсё пакуль адмоўны адказ - на будаўніцтва тратуараў у Ратамцы "крыніца фінансавання не вызначана".

А вось тут, літаральна за кальцавой, асфальту проста няма. 8 гадоў таму ў аграгарадку Гатава сталі з'яўляцца гэтыя індывідуальныя забудовы, зараз дамоў ужо каля трох соцень. Жыхары самі правялі сюды газ і ваду, толькі вось дабрацца да дома з кожным днём становіцца ўсё цяжэй.

Пада мной 20 сантыметраў урадлівай глебы, а далей ідзе гліна. Я магу перамяшчацца, таму што дарогі яшчэ пакрытыя лёдам, але вясной, па словах мясцовых жыхароў, гэта будзе немагчыма. У аграгарадку Гатава такіх дарог прыкладна 9 кіламетраў.

Кожны дзень можна назіраць, як суседзі выцягваюць машыны адзін аднаго з вялізных ям. Убачыць іх нельга, максімум - запомніць небяспечныя месцы.

Мяркуючы па лістах, якія атрымліваюць жыхары Гатава, фінансаванне павінна было быць выдзелена яшчэ ў 2012 годзе, такі ж дакумент ёсць з планамі на 2015 і 2016 гады. Чаму фінансавання няма - невядома. І сёлетняй вясной хаваць гумовыя боты жыхары пасёлка не будуць.