Жыхары пасёлка Езярышча засталіся без прыроднага газу

26 декабря 2015

Жыхары пасёлка Езярышча Гарадоцкага раёна засталіся без прыроднага газу. Газаправод пракладзены толькі да пачатку населенага пункта. Працягласць пасёлка - каля трох кіламетраў, і правесці газ далей для людзей затратна. Спецыялісты прапануюць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Адзін з іх - уступленне ў кааператыў па газіфікацыі.

У няпростай сітуацыі разбіралася Марына Раманоўская.

Таццяна Акімчанкава дровамі на зіму заўсёды запасаецца загадзя. У пакоях цёпла нават пры вялікім марозе. Праўда, печ даводзіцца паліць па два разы на дзень. І гэта адзіны спосаб сагрэцца. Прыроднага газу ў большасці дамоў пасёлка Езярышча няма.

Газаправод высокага ціску паміж Гарадком і Езярышчам праклалі яшчэ ў 2014-м. Ветку працягнулі на 50 кіламетраў. А блакітнае паліва, нягледзячы на затратнасць праекта, даступнае толькі некалькім дзясяткам сем'яў.

Працягласць пасёлка Езярышча каля трох кіламетраў. Гэтыя шматкватэрныя дамы размяшчаюцца ў пачатку населенага пункта. Прыродны газ у іх з'явіўся больш як год таму.

Пра выгоды мараць і іншыя жыхары Езярышча. Правесці прыродны газ па ўсім пасёлку, гавораць спецыялісты, можна. Прапануюць некалькі варыянтаў. Адзін з самых аптымальных - стварэнне кааператыва па газіфікацыі. Але і з гэтым не ўсе людзі згаджаюцца. Гавораць: дорага. Хаця практыка правераная. Толькі ў Гарадоцкім раёне такіх аб'яднанняў больш за трыццаць.

Не падведзены прыродны газ у пасёлку і да школы. Труба заканчвацца на ўездзе ў Езярышча. Зімой, гавораць мясцовыя жыхары, ратуе кацельня, якая працуе на дранцы. І грэе яна толькі сацыяльныя аб'екты пасёлка. А людзі працягваюць запасацца дровамі. І часам ходзяць на мясцовую метэастанцыю, якая, дарэчы, самая паўночная не толькі ў рэгіёне, але і Беларусі. Гавораць: прагнозы на цёплую зіму іх толькі радуюць.