Жыхары абласнога цэнтра ратавалі ад гібелі маладога лебедзя

7 декабря 2016

Гэтая гісторыя, якая адбылася ў Брэсце, не пазбаўленая чалавечнасці і маральных прынцыпаў.   Жыхары абласнога цэнтра дружна ратавалі ад гібелі маладога лебедзя, які адбіўся ад чарады. З пашкоджаным крылом ён ужо не паляціць на поўдзень. Спачатку птушку выходжваў мясцовы жыхар, затым ветэрынары, а вось зараз клапаціцца пра маладога лебедзя будуць у аграсядзібе. Вікторыя Патоня - пра цудоўнае выратаванне.

Гэтая аграсядзіба, як санаторый для птушак. Параненыя птушыныя знаходзяць тут дом і клопат. Большасці з іх узімку ў дзікай прыродзе самастойна не выжыць. Мог загінуць і гэты лебедзь, неабыякавыя людзі дапамаглі.

Гэта зараз ён ганарлівы і не падпускае да сябе. А некалькі месяцаў назад ледзь жывога шыпуна знайшоў жыхар Брэста і звярнуўся да эколагаў. Птушку выходжвалі ў ветэрынарнай клініцы. У лебедзя было вывернута крыло.

Лебедзі-шыпуны ў Беларусі - ужо не чырвонакніжны від, але паляванне на іх забаронена. Узімку птушак палохае не мароз, а голад. Але мала хто ведае, што чорны хлеб іх загубіць, а вось дробны рачны крыль і збожжа, - выратуе.   

Большасць качак і лебедзяў у Брэсце, паводле слоў спецыялістаў, застаюцца на зімоўку парадку 30-ці гадоў. Упадабанае месца - рака Мухавец. Прычына такіх паводзін птушак у тым, што людзі іх падкормліваюць. Можна сказаць, вадаплаўныя разгультаіліся, і не ляцяць у пошуках корму ў вырай.

Арнітолагаў такая сітуацыя насцярожвае. Птушка забывае шляхі міграцыі. З Беларусі традыцыйна лебедзі ляцяць у двух кірунках: на марское ўзбярэжжа Францыі або да Міжземнага мора. Як паказвае кальцаванне птушак, сустрэць на зімоўцы ў Брэсце можна каля 200 лебедзяў, у тым ліку з Літвы, Германіі і нават Фінляндыі.

Дзяніс Табуноў, прадстаўнік ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны": "Зараз вельмі важны перыяд, калі важна, каб лебедзь усвядоміў, што тут яму не выжыць і паляцеў адгэтуль. Гэта ідэальны варыянт, якога мы дабіваемся. Калі такога не адбываецца, лебедзь застаецца, то падкорм лебедзя пачынаецца цэнтралізавана па рэкамендацыі Акадэміі навук, калі сярэднесутачная тэмпература ўпадзе да -10".

Абаронцы птушыных гавораць: дапамога людзей патрэбна лебедзям і качкам толькі ў суровае надвор'е, калі вадаёмы будуць скаваныя лёдам. Гэтую зіму ў аграсядзібе правядзе і выратаваны лебедзь. А вясной шыпуна ўсё-такі паспрабуюць выпусціць у вольнае плаванне.