Жыхары Бацэвічаў і праўнукі герояў прыйшлі пакланіцца подзвігу да воінскага пахавання

7 мая 2020
Патрыятычная акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" аб'яднала ўсю Беларусь. Жывыя кветкі леглі і да воінскага пахавання ў вёсцы Бацэвічы Клічаўскага раёна. Тут  пахаваныя 65 байцоў Чырвонай арміі, якія цаной свайго жыцця абаранілі незалежнасць Радзімы і заваявалі Перамогу. Сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца подзвігу, - мясцовыя жыхары і праўнукі  герояў.

Анастасія Храпко, навучэнка Бацэвіцкай сярэдняй школы: "На абеліску знаходзіцца імя майго прапрадзядулі. Яго клікалі Вайтусёнак Уладзімір Іванавіч. У гады ВАВ ён дапамагаў партызанам, за што і быў расстраляны. У нашай сям'і перадаецца з пакалення ў пакаленне памяць аб ім".

Галіна Белая, жыхарка в. Бацэвічы: "З болем успамінаем і ўдзячныя ўсім тым, хто аддаў сваё жыццё за нас, за нашых дзяцей, за нашых унукаў, за блізкіх. За нашу вёску, раён, вобласць, краіну. За рэспубліку нашу".

Усяго на тэрыторыі Бацэвіцкага сельсавета 16 воінскіх пахаванняў. Ля падножжа кожнага абеліска, асабліва  ў гэтыя святочныя дні, ляжаць кветкі. Беларусь памятае кожнага.