Жыхароў вёскі Пукшына палохае буры мядзведзь

30 марта 2018

Жыхары вёскі Пукшына Віцебскага раёна скардзяцца на небяспечнага суседа. Вяскоўцаў палохае буры мядзведзь. Сляды звера сталі заўважаць яшчэ восенню, зімой ён не парушаў іх спакой, а пасля выхаду са спячкі стаў зноў з'яўляцца на падворках. Касалапага часта бачылі побач з хатамі і мясцовай фермай. Людзі б'юць трывогу, не ведаюць, як засцерагчы сябе ад мядзведзя. Марына Раманоўская разбіралася ў сітуацыі.

Тое, што мядзведзі дрэнныя суседзі, Аляксей Ігнацьеў пераканаўся асабіста. Жыхар вёскі Пукшына сустрэў касалапага ноччу. Але не спалохаўся: мядзведзь нават здаўся яму дружалюбным. У гонар такога незвычайнага знаёмства мясцовы жыхар вырашыў пачаставаць яго варэннем. Толькі вось сілы свае не разлічыў. Як вынік - бальнічная палата.

Гісторыю Аляксея Ігнацьева добра ведаюць не толькі суседзі па палаце. У вёсцы гавораць: сустрэча з небяспечным зверам для мужчыны магла скончыцца больш сумна.

Дзмітрый Жукоўскі добра памятае тое месца, дзе адбылася няроўная сутычка. Менавіта ён прыбег ратаваць чалавека ад мядзведзя.

Людзі распавядаюць: таму, што ў лесе побач з вёскай водзяцца мядзведзі, не здзіўленыя.

Але сустрэць небяспечнага звера побач з хатамі ніяк не чакалі. Бачылі касалапага і недалёка ад мясцовай фермы. І зараз маршрут ад дома да працы тут лічаць небяспечным.

Як толькі мядзведзь выйшаў з зімовай спячкі, у жыхароў вёскі пачалася бяссонніца. Суседства з дзікім зверам палохае ўсю акругу.

Мясцовыя жыхары распавядаюць: сляды няпрошанага госця сталі заўважаць яшчэ восенню. Бачылі касалапага ў наваколлях адразу некалькіх вёсак. І ўжо тады, пераконваюць людзі, мядзведзь не саромеўся заходзіць на падворкі.

На думку спецыялістаў, у вёсцы гаспадарыць малады самец. Страляць у дзікага звера забаронена. Буры мядзведзь - чырванакніжнік. Няпрошанага госця праганяюць шумам.

Ці спалохаўся мядзведзь, мясцовым жыхарам застаецца толькі здагадвацца. На ўсялякі выпадак людзі імкнуцца лішні раз не выходзіць вечарам на вуліцу. І зараз ужо дакладна ведаюць: сустрэўшы касалапага суседа, частаваць варэннем яго не варта.