Жыхар Віцебска падазраецца ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны

19 апреля 2016

Баец батальёна "Азоў" быў затрыманы праз некалькі дзён пасля вяртання на радзіму. Паводле звестак МУС, на рахунку маладога чалавека яшчэ некалькі правапарушэнняў у дачыненні непаўналетніх. Дзеянням затрыманага зараз даецца прававая ацэнка. У міліцыі мяркуюць, што хлопец - нефармальны лідар моладзевага каляфутбольнага руху неанацысцкай скіраванасці. Усе акалічнасці справы - у рэпартажы нашых карэспандэнтаў.

Не спяшаючыся, з цыгарэтай у роце. Нават быўшы затрыманым, 20-гадовы жыхар Віцебска не адчувае ніякага хвалявання. Пасля зоны АТУ ў Беларусі яму нічога не страшна.

Зрэшты, на валанцёра ў беларускай міліцыі дадзеныя іншыя - з 2014 года затрыманы з'яўляўся кулямётчыкам батальёна "Азоў", ёсць нават узнагароды.

Георгій Яўчар, намеснік начальніка ўпраўлення МУС Беларусі: "Затрыманы мог прымаць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёна "Азоў", аб гэтым сведчыць канфіскаваная ў яго ваенная форма, а таксама медалі, атрыманыя за баявыя дзеянні пад Ілавайскам і пасёлкам Шырокіна. Маецца інфармацыя, што ён быў кулямётчыкам, маюцца два раненні".

Зрэшты, затрымалі хлопца зусім за іншае. У кастрычніку 2013 года ў Інтэрнэце з'явіўся ролік, дзе 17-гадовы гараджанін разам з футбольнымі фанатамі здзекуецца з малалетніх. Гэты ролік і паслужыў падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы.

Сяргей Калантаеў, начальнік 7 упраўлення па Віцебскай вобласці ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Прытрымліваўся ідэй неанацызму, з'яўляўся скінхэдам, удзельнічаў у фанацкім руху, дамоўных бойках. Неаднаразова быў заўважаны ў спробах гвалту над каўказцамі, выхадцамі з афрыканскіх дзяржаў".

Георгій Яўчар, намеснік начальніка ўпраўлення МУС Беларусі: "Таксама ў яго маюцца шматлікія татуіроўкі. Нацысцкая сімволіка, малюнак Гітлера і гэтак далей. Гэтаму таксама будзе дадзеная прававая ацэнка".

На грудзі хлопца набітая лічба - 88. Гэта лічбавая абрэвіятура, якая азначае "Хайль Гітлер". З іншага боку - герб батальёна СС: карнае падраздзяленне выразала сотні вёсак на тэрыторыі Украіны і Беларусі, самай вядомай з якіх была Хатынь. Гэта ўжо другое затрыманне радыкала, які прыехаў на радзіму з зоны АТУ, на гэтым тыдні пачаўся суд над затрыманым байцом "Правага сектара".