Жыхар Церахоўкі стылізаваў свой дом пад Сярэднявечча

1 июня 2019

Мой дом - мая крэпасць. Вядомую прымаўку жыхар Церахоўкі ўвасобіў у жыццё. Мужчына свой дом стылізаваў пад Сярэднявечча. Трохметровая брама, гербы з сімволікай і альтанкі, пабудаваныя паводле тэхналогій прадзедаў. Як звычайны сельскі дом ператварыўся ў сядзібу з аўтарскім стылем, убачыла Ганна Кавалёва.

З парога зразумела: гаспадар - чалавек творчы. У экстэр'еры сядзібы - мноства драўляных упрыгажэнняў: аўтарскія шпакоўні, фігуркі жывёлін і нават паштовая скрыня на браме ў адмысловым стылі. Сама агароджа - амаль трохметровай вышыні, нагадвае ўваход у сярэднявечную крэпасць.

Побач - калчан са стрэламі, абарончы шчыт і нават гармата на колах. Тут жа гербы з рознай сімволікай. Амаль усё рабіў сам. З часам   падцягнуліся на дапамогу і суседзі. У духу мінулага тут і плеценыя платы. І нават пудзіла ў гародзе – са сваім характарам.

Яшчэ адзін каларытны элемент сядзібы – альтанка. Усё з дрэва, сваімі рукамі. Унікальная дэталь - дах. Створаны паводле старадаўняй тэхналогіі  з прыроднага чаротавага трыснягу.

У пошуках матэрыялу аб'ездзіў усё наваколле. Хоць расце амаль на кожным балоце, здабыць яго нялёгка. Дах вянчаюць самаробныя флюгеры. А пад імі - утульнае месца для летніх чаяванняў. Тут нават жырандоля ўласнаруч зроблена са старой бочкі.

Галоўная група падтрымкі Юрыя ва ўсіх распачынаннях - жонка Галіна. Заўсёды дапаможа і парадай, і музычным суправаджэннем.

Дарэчы, зроблена ўсё літаральна за год. Да гэтага гаспадары амаль 30 гадоў былі гараджанамі - жылі ў абласным цэнтры. Аднак з гадамі ўсё больш цягнула на малую радзіму бацькоў. Планаў у Юрыя яшчэ шмат. На чарзе - будаўніцтва дазорнай вежы.

Фантазія і гаспадарскі падыход Юрыя не абмяжоўваюцца ўласным падворкам. Многае майстар зрабіў і для вёскі. Нядаўна ачысціў меліярацыйны канал, добраўпарадкаваў прыбярэжную паласу і зрабіў драўляны мост. А побач высадзіў паўсотні абрыкосаў, яблынь і сліў. Кажа, хутка мясцовых жыхароў фруктовы сад будзе радаваць пладамі.