Жыхар Рэчыцкага раёна на сваім падворку завёў вярблюда

6 октября 2018

Экзатычную жывёліну на сваім падворку завёў жыхар Рэчыцкага раёна. Пазнаёміцца з двухгорбым Гошам едуць з усяго рэгіёна і не толькі. Адзінага вярблюда Гомельскай вобласці ўбачыла і Ганна Кавалёва.

Дзіця пустыні ўжо прызвычаілася да замежжа, але на мясцовых жывёл рэагуе насцярожана. На вуліцы - дождж і моцны вецер, але такое надвор'е для вярблюда Гошы сапраўдны рай - у родным Казахстане перапады тэмператур былі суровымі: ад плюс 40 да мінус 50. Ды і праблем у ежы і разнастайнасці меню на новым месцы няма.

За суткі вярблюд з'ядае 40 кілаграмаў сена, 5 кілаграмаў аўса. А любімы пачастунак - буракі і хлеб”.

Ідэя завесці вярблюда ў Сяргея наспявала даўно. Мужчына вывучаў правілы догляду жывёліны, шукаў прапановы аб продажы і аднойчы адважыўся на куплю. Каб даставіць вябрлюда ў беларускую глыбінку, яго правезлі некалькі тысяч кіламетраў на спецыяльным транспарце з Казахстана, праз Маскву і Бранск. Па новай прапісцы Гоша цяпер жыхар вёскі Гранаўкі Рэчыцкага раёна. Цікавасць да незвычайнага суседа мясцовыя жыхары праявілі адразу, зараз прымаюць як роднага.

Па характары Гоша добры, у адрозненне ад сабратоў, ніколі не плюецца. Пры гэтым вельмі самалюбівы. І для гэтага ёсць падставы: на сёння ён адзіны вярблюд у Гомельскай вобласці.

У Сяргея на падворку таксама - поні, в'етнамскія чорныя парасяты, авечкі, козы, коні і гусі. У планах - зрабіць больш разнастайным калектыў міні-заапарка. Хутка сюды прывязуць альпаку, асла, а таксама фазанаў і паўлінаў.