Жыхар Мінскага раёна пабудаваў у сваім двары міжгалактычную фотастанцыю

29 ноября 2016

Скрозь мастацтва да зорак. Жыхар Мінскага раёна пабудаваў у сваім двары міжгалактычную фотастанцыю. У аб'ектыў яго тэлескопа трапляюць сузор'і, якія знаходзяцца за мільёны светлавых гадоў ад Зямлі. Прычым паляванне толькі за адным удалым кадрам можа расцягнуцца ад некалькіх хвілін да дзясяткаў гадзін. Як дастаць зорку з неба - пра гэта ў наступным сюжэце.

У касмічную фотаадысею да далёкіх галактык і сузор'яў Андрэй Іода адпраўляецца адразу з задняга двара свайго дома – тут аматар нябесных свяціл самастойна пабудаваў міжпланетную фотастанцыю. Неабходную тэхніку шукаў па ўсім свеце – ад Канады да Расіі.

Трымаецца станцыя ў паветры на такіх трох слупах. Яны таксама пабудаваны ўручную, каб станцыя не перагравалася. Кіраваць жа ёй можна з камп’ютара або вось такім спецыяльным пультам.

Зорныя мадэлі Андрэя Іоды дастаткова капрызныя: убачыць іх у аб'ектыве фотакамеры можна толькі ўначы і пры добрым надвор'і. Спецыялізаваная оптыка дазваляе зазірнуць у іншыя галактыкі, разгледзець іх і нават асобныя зоркі, адлегласць якіх ад Зямлі вымяраецца мільёнамі светлавых гадоў.

Панарамнага атласа зорнага неба праз такі тэлескоп не атрымаць: вугал агляду касмічнага фотаапарату складае ўсяго паўградуса. Удалы ракурс далёкіх свяціл тэхніка шукае самастойна – Андрэй толькі задае каардынаты сузор'яў.

Для высокай дакладнасці фота апарат здымае ў чорна-белым колеры праз чырвоны, зялёны і блакітны фільтры. Пры накладванні фотаздымкаў адзін на другі малюнак запаўняюць яркія фарбы.

Зараз астрапартфоліа Андрэя папаўняюць сузор'і з каталога Месье - французскага астранома, які адкрыў шэраг галактык яшчэ ў XVIII стагоддзі. Убачыць жа бязмежны творчы сусвет Андрэя Іоды можна ў сталічным планетарыі – тут фотамастак выставіў два дзясяткі сваіх касмічных палотнаў.