Жыхар Капыля выратаваў людзей з палаючага дома

7 декабря 2017

Пажар у Капыльскім раёне мог скончыцца трагедыяй, калі б не простая чалавечая неабыякавасць.

Жыхар Капыля Сяргей Зянюк выратаваў з палаючага дома яго гаспадароў - людзей сталага ўзросту. Зараз муж і жонка знаходзяцца ў адным са шпіталяў, дзе аднаўляюць сілы пасля здарэння. Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Рыма Няўстоева падчас інтэрв'ю абяцае не плакаць, аднак, калі ўспамінае гэты страшны дзень, не можа стрымаць слёзы. Усё пачыналася, як звычайна: спачатку разам схадзілі ў царкву, потым паабедалі, паглядзелі тэлевізар. Калі пачаліся перабоі з электрычнасцю, пайшлі на веранду праверыць, што здарылася.

Сяргей Зянюк у той дзень наогул не збіраўся ў гэтую частку горада. Мужчына толькі вярнуўся з камандзіроўкі - наматаў амаль 500 кіламетраў і крыху стаміўся, але ў апошні момант вырашыў усё ж такі наведаць сваю будоўлю на самым канцы вуліцы. Але да яе не даехаў. Убачыў полымя, потым пачуў чыйсьці голас.

У мінулым участковы, Сяргей Зянюк пра гэтую сітуацыю кажа проста: вочы баяцца, рукі робяць. Ён жа патэлефанаваў у выратавальную службу. Астатняе ўжо зрабілі супрацоўнікі МНС.

Зараз муж і жонка, якіх выратаваў Сяргей Зянюк, знаходзяцца ў адным з рэспубліканскіх шпіталяў. Пасля ўсяго, што давялося перажыць, дапамога прафесіяналаў сталым людзям проста неабходная. Шкадуюць толькі, што са сваім ратавальнікам так і не паспелі пазнаёміцца. Праўда, плануюць гэта зрабіць, як толькі вернуцца ў Капыль. На шчасце, дом хоць і патрабуе рамонту, але ўсё ж такі ўцалеў.