Жыхар Брэста пабудаваў парыльню на колах

17 марта 2016

Мабільная лазня ў любым месцы свету. Жыхар Брэста пабудаваў парыльню на колах унутры ваеннага грузавіка. Сцены абшытыя вагонкай, унутры ёсць і сістэма водазабеспячэння. Зараз адпачынак на прыродзе і сауна сумяшчальныя.

Вынаходства ацаніла Вікторыя Патоня. Дзмітрый Ярош - заядлы аматар лазні - сваю мару ўвасобіў уласнымі рукамі. Купіў патрыманы грузавік ГАЗ-66 і цалкам яго перарабіў. На стварэнне гібрыда пайшло больш як сем месяцаў упартай працы.

Знешне - звычайны ваенны грузавік, але варта толькі адкрыць дзверы кунга, як разумееш - гэта сапраўдная руская лазня. Толькі на колах. Унутры машыну не пазнаць. Тут душ, утульны пакой адпачынку, парыльня з усімі лазневымі атрыбутамі. Але галоўная перавага аўталазні ў тым, што яна мабільная. Яе заўсёды можна ўзяць з сабой.

Ідэю канструкцыі "лазнемабіля" Дзмітрый знайшоў у Інтэрнэце. Увасобіць задуманае дапамагалі сябры. За кабінай "схаваныя" бакі з гарачай і халоднай вадой на 300 літраў. Пад дном - сістэма сліву. Адзін з адсекаў для паліва перароблены пад печ. Каб распаліць лазню да 90 градусаў, патрэбныя бярозавыя паленні і гадзіна часу.

У альховай сауне ёсць усё неабходнае: каменкі, паліцы, венікі. Адначасова тут могуць парыцца 6 чалавек.

Лазню на колах Дзмітрый ствараў, першым чынам, для сябе і сяброў. Яна лёгка змяняе месцазнаходжанне, праедзе па любым бездарожжы і збольшага трансфармуецца. Кожны сантыметр плошчы тут скарыстаны рацыянальна. Сцены ўцепленыя, а праз акно можна любавацца краявідамі, піць гарбату і нават рыбачыць.

У планах уладальніка "лазні на колах" давесці яе да дасканаласці і сканструяваць прычэп, каб адпачынак на прыродзе зрабіць яшчэ больш камфортным.