Жыць паўнацэнным жыццём

16 сентября 2015

Жыць паўнацэнным  жыццём можна! У гэтым перакананыя ўдзельнікі лагера рэабілітацыі для інвалідаў-калясачнікаў. Такія семінары-практыкумы  ў Беларусі праходзяць штогод. Але цяперашні  (арганізаваны на базе Палескага дзяржуніверсітэта) - асаблівы. Аб неабмежаваных магчымасцях - рэпартаж Вікторыі Патоні.

 

Націснуць на педаль яна не можа.  Кіраваць аўтамабілем дапамагае спецыяльны рычаг. Алеся Аляхновіч  у інвалідным крэсле з 12 гадоў. На фоне цяжкага захворвання дзяўчыну  паралізавала. Але яна знайшла ў сабе сілы жыць далей. Спявае, танцуе, і нават вадзіць аўтамабіль. Адлегласць ад Барысава да Пінска Алеся пераадолела самастойна.

Адны думаюць, як змяніць сваё жыццё, другія -  дзейнічаюць. Прыклад таму - падарожжа Аляксандра  Аўдзеева. Хлопец з Ліды самастойна праехаў на веласіпедзе з ручным прывадам да берагоў Балтыйскага мора. Амаль за тыдзень ён пераадолеў 550 кіламетраў. 

Іх магчымасці - не абмежаваныя. Даказваюць інструктары лагера на ўласным прыкладзе. Галоўны метад - "роўны навучае роўнага". Сярод курсантаў - людзі з найбольш  складанымі траўмамі пазваночніка.  

Для шматлікіх людзей, якія апынуліся ў інвалідным крэсле, цяжка на першым этапе псіхалагічна (прыняць сябе ў новым стане), калі нават бардзюр  3 сантыметры становіцца вялізнай перашкодай.

Тут вучаць жыць зноў: апранацца, плаваць, страляць з лука і кіраваць каляскай. Курсант Уладзімір 12 гадоў назад трапіў у ДТЗ на матацыкле, цудам застаўся жывы. Тры першыя гады не выходзіў з дома. Але потым зразумеў: інваліднасць - не прысуд.

Кожны рух гэтым людзям даецца нялёгка.  Галоўнае, гавораць, падтрымка блізкіх і вера ў сябе. Менавіта гэта дапамагло Алесі сесці за руль і прафесійна танцаваць, а Аляксандру - здзейсніць падарожжа па ўзбярэжжы Балтыкі.