Жыллёва-камунальнай гаспадарцы не хапае дысцыпліны

10 июля 2013

Недахопы ў выглядзе адсутнасці дысцыпліны ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы выявілі дзяржаўныя кантралёры. Праверкі шэрагу арганізацый ЖКГ паказалі факты неабгрунтаванага завышэння сабекошту камунальных паслуг. За тое, што адказныя асобы неэфектыўна эксплуатуюць абсталяванне і выкарыстоўваюць рэсурсы, плацяць звычайныя грамадзяне. Хібы ведамства сёння былі названыя на прэс-канферэнцыі камітэта дзяржкантролю.



Рэпартаж Дзмітрыя Цітова. Шмат вады выцекла, цяпла сышло, а электрычнасці наматала. Камітэт дзяржкантролю сёння назваў вынікі праверак у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Рэзюмэ дзяржкантролю: Працаўнікам ЖКГ не хапае дысцыпліны. У справаздачы - усё фармулёўкі нерацыянальна, звышнарматыўна і сумы шкоды з дзевяці знакаў. І праверана было ўсяго ж 46 арганізацый (8% ад усіх наяўных). Выбарка невялікая, а сітуацыя сумная. Летась выцекла па паслузе водазабеспячэння каля 585 мільярдаў беларускіх рублёў, па цеплазабеспячэнні - больш за трыльён.


Прыклад, як не трэба эканоміць, ужо трэці год паказвае Хойніцкі камунальнік пад Гомелем. Толькі ў цеплавой энергіі страты больш як на два мільярды рублёў! Зразумела, што яны былі запісаныя ў жыроўкі жыхароў Хойнікаў. А марнатраўная ЖКГ замест спагнання за неабгрунтаванае завышэнне сабекошту атрымала з бюджэту горада Хойнікі амаль тры мільярды беларускіх рублёў.


Да росту выдаткаў у ЖКГ прыводзіць і эксплуатацыя абсталявання, якое часта працуе дарэмна. Напрыклад, магутнасці кацельняў гарадскіх ЖКГ, як паказалі праверкі, у разы большыя за нагрузкі, што ім даюць. Атрымліваецца, што грошы ідуць з ветрам.


Калі знізіць нарматыўныя страты вады і цеплавой энергіі хоць бы на адзін працэнт, то гэта дадасць бюджэту 1 мільярд беларускіх рублёў. Перад ЖКГ зараз задача нумар адзін - выпрацаваць новыя механізмы фінансавання па планава-разліковых цэнах.


Насельніцтва і прадпрыемствы павінны дакладна ведаць, за што і колькі плацяць, настойвае дзяржкантроль. На мінулым тыдні ўрад ужо прыняў пастанову зрабіць бізнес ЖКГ празрыстым. Для кожнага прадпрыемства будзе разлічвацца кошт пэўнай паслугі - ад падачы вады і цяпла да абслугоўвання тэрыторый, вывазу адыходаў. Нават гэтая першая прышчэпка камунальнікам элементарнай дысцыпліны зэканоміць трыльёны па ўсёй краіне.


Паводле даручэння Кіраўніка дзяржавы, усе недахопы, выяўленыя падчас праверак, павінны быць ліквідаваныя адказнымі выканаўцамі па выніках працы за 9 месяцаў 2013 года. А глыбокі аналіз завершыцца пераглядам норм і тарыфаў, якія дзейнічаюць зараз у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі.