Калі будзе пушчана цяпло па трубах і ці здзівіць надвор'ем надыходзячы кастрычнік?
Рэпартаж Дзмітрыя Цітова. Гэта першыя кадры новай электроннай дыспетчарскай цепласетак. На шчыце - усе цеплавыя крыніцы горада, цепласетка кожнага раёна як на далоні. Усё гатова да пераводу ацяпляльнай сістэмы ў зімовы рэжым нагрузак.
Дыспетчар бачыць усе буйныя цеплавыя крыніцы Мінска. Звесткі, якія абнаўляюцца ў рэжыме рэальнага часу. Пры ўзнікненні адхіленняў ціску або тэмпературы ён неадкладна прымае меры па іх аднаўленні.
Дыспетчар тлумачыць, што да 5 кастрычніка на гэтае табло паступяць апошнія кантрольныя замеры з усіх участкаў цепласеткі. Тады смела можна ўключаць батарэі.
Андрэй Жэшка, намеснік галоўнага інжынера філіяла Мінскія цеплавыя сеткі РУП Мінскэнерга: У прыватнасці, на кацельні Шабаны мы бачым шэраг параметраў, якія, безумоўна, памяняюцца на больш ацяпляльныя нагрузкі і частка абсталявання, якую вы зараз бачыце тут на шчыце, - гэта абсталяванне як мінімум удвая павялічыцца, будзе працаваць удвая больш сеткавай групы помп і ўдвая больш воданагравальных катлоў.
На тэлефоне дыспетчара больш за 60 нумароў. З уключэннем зімовай нагрузкі ён павінен мець кругласутачную прамую сувязь з кожным падраздзяленнем гарадской камунальнай гаспадаркі.
А вось ЖРЭА не могуць адбіцца ад званкоў грамадзян з наступленнем халадоў. Як паказвае практыка мінулых гадоў, пачынаюць ацяпляць да сярэдзіны кастрычніка. І гэта ў літаральным сэнсе самыя гарачыя дні для ЖЭСаў, калі абагравальнік уключаны ў сетку і накручваюцца кілаваты электрычнасці. Эканоміць без ацяплення ў камунальнікаў не атрымліваецца.
Камунальнікі рыхтавалі цеплавузлы да зімы адразу пасля абагравальнага сезона - адгэтуль і двухтыднёвыя адключэнні гарачай вады ў дамах. Вясной і летам трубы прайшлі выпрабаванне павышанымі нагрузкамі, каб выключыць аварыйныя працечкі зімой.
Дзяніс Драпей, намеснік дырэктара па эксплуатацыі жылога фонду ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска: Акрамя таго, што мы ўключылі сістэму, неабходна, каб дом прагрэўся. Выдаліць паветра, якое знаходзіцца ў стаяках і перашкаджае цеплаабмену.
5 дзён са сярэднясутачнай тэмпературай + 10 на вуліцы. Такія ўмовы для ўключэння ацяплення ў жылых дамах. Зрэшты, цяпло ў школы, бальніцы і іншыя сацыяльныя ўстановы даюць, як правіла, раней па рашэнні Мінгарвыканкама.
Але галоўным рэгулятарам сістэмы ацяплення застаецца нябесная канцылярыя. Метэаролагі не радуюць абяцаннямі і даюць несуцяшальныя прагнозы. Да канца верасня будзе па-кастрычніцку халаднавата.
Людміла Парашчук, галоўны сіноптык Рэспубліканскай метэастанцыі: Мы будзем знаходзіцца ў тылавой частцы вельмі шырокага магутнага цыклона, які асталяваўся на еўрапейскай тэрыторыі Расіі. Таму паступае паветра з Арктыкі. Халоднае, вельмі халоднае.
Апошнім часам раней за ўсё - 9 кастрычніка - ацяпленне ў Мінску ўключалі ў 2009 годзе. Пазней ўа ўсё - 20 кастрычніка - у 2008-м. У мінулым і пазамінулым у адзін і той жа дзень - 13 кастрычніка. Як мяркуецца, прыкладна на гэтую дату прыйдзецца ўключэнне батарэй і ў гэтым сезоне - гэта праз 3 халодныя тыдні. Так і не зразумела з каментарыяў гарадскіх улад, чаму кожны год з ацяпленнем цягнуць да апошняга. Уключаюць толькі, калі свае бюджэты на холадзе заробяць прадаўцы электраабагравальнікаў і аптэкі на леках. А беларусы за гэты час паспеюць перахварэць сем'ямі. Эканомія энергарэсурсаў аказваецца сумніўнай мэтай.














