ЖЭСы сталіцы чакае маштабная рэформа

5 сентября 2014
Да студзеня будучага года яны перастануць дзейнічаць як самастойныя прадпрыемствы і ўвойдуць у структуру раённых ЖРЭА. Але ўсе рабочыя застануцца на сваіх месцах. На думку спецыялістаў, такая рэформа дазволіць сэканоміць нямала бюджэтных сродкаў. Чаму ЖЭСам патрэбна рэформа і як яна адаб'ецца на спажыўцах камунальных паслуг?

Разбіралася Антаніна Станкевіч.

Нячаста можна вось так заспець адразу трох рабочых у ЖЭСе. Звычайна спецыялісты на рабочым месцы не сядзяць - работы на ўчастку хапае. Сантэхнікі, электрыкі і слесары ходзяць па дамах і выконваюць заяўкі. Звычайна, каб зрабіць дробны рамонт, людзі звяртаюцца ў свой ЖЭС. З 2015 года іх чакае рэформа. Але гэта зусім не значыць, што людзі застануцца без камунальных паслуг.

Фактычна ЖЭСы перастануць функцыянаваць як самастойныя юрыдычныя асобы, а ўвойдуць у структуру раённых ЖРЭА. Але ўсе функцыі, якія яны выконваюць зараз, за імі поўнасцю захаваюцца.

Прыйдзецца скараціць штат работнікаў, найперш бухгалтараў, юрыстаў і эканамістаў. Такая аптымізацыя дазволіць сэканоміць да трох мільярдаў рублёў. Арыфметыка пойдзе на карысць, запэўніваюць спецыялісты. За гэтыя грошы можна будзе наняць новых спецыялістаў - не сакрэт, што ў некаторых ЖЭСах не хапае менавіта рабочых. Да таго ж павысяцца іх заробкі па абслугоўванні дамоў.

Аптымізацыя ЖЭСаў у сталіцы павінна завяршыцца да студзеня будучага года. Рэформа павінна павысіць і якасць камунальных паслуг.