29 апреля 2016

Верагодна, так можна ахарактарызаваць два дзіўныя здарэнні, што адбыліся напярэдадні ў Мінску. У першым выпадку малады чалавек спрабаваў вырашыць фінансавае пытанне з былым работадаўцам, для чаго прыехаў у Мінск, падняўся на будаўнічы кран і пачаў выстаўляць свае патрабаванні. Як высветлілася, такім чынам 25-гадовы Дзмітрый Сталяроў спрабаваў прыцягнуць увагу грамадскасці да сваёй праблемы. З хлопцам не разлічылася віцебская прыватная фірма, на якой ён калісьці працаваў. Другі выпадак - 56-гадовы мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў. Так кардынальна вырашаўся сямейны канфлікт.

Што штурхае людзей на такія крокі? Прычыны аналізаваў Юрый Шаўчук. Дзмітрый Сталяроў, 25 гадоў. Рабочы з Віцебска. Гэтае імя ўжо на старонках многіх выданняў. Мэта дасягнутая - малады чалавек прыцягнуў увагу грамадскасці да сваёй праблемы. Калі прыехаў у Мінск, куды ісці, доўга не думаў. Пляцоўка стадыёна "Дынама", дзе ідзе рэканструкцыя, - першае, што трапілася на вочы. Скарыстаўшыся момантам, маладому чалавеку ўдалося забрацца на будаўнічы кран. Літаральна праз паўгадзіны на месца здарэння прыехалі ўсе экстранныя службы. Падчас перамоў стала зразумела: крок адчаю падштурхнуў хлопца да такога ўчынку. А менавіта - доўг віцебскай прыватнай кампаніі "Дзвінбуд", на якой Сталяроў калісьці працаваў. Кампанія завінавацілася супрацоўніку 64 мільёны рублёў. Яшчэ 23 лютага гэтага года суд Першамайскага раёна Віцебска палічыў, што будаўнічая фірма павінна разлічыцца з супрацоўнікам. Аднак прадпрыемства гэтага так і не зрабіла.

Зводзіць рахункі з жыццём Дзмітрый не збіраўся. А калі сталі высвятляць, у кампаніі "Дзвінбуд" да свайго былога супрацоўніка таксама быў шэраг пытанняў. Некалькі дзён таму ён нанёс маральны і фізічны ўрон прадстаўнікам прыватнай фірмы і нават знаходзіўся пад дамашнім арыштам. Хаця гэта не перашкодзіла хлопцу прыехаць у Мінск.

Трагічная выпадковасць або проста супадзенне? Прыкладна ў той жа час, калі Дзмітрый Сталяроў спусціўся на зямлю, у сталіцы адбываецца яшчэ адзін выпадак, які бударажыць уяўленне. У самым цэнтры Мінска мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў.

Гэта здарылася ў самым цэнтры Мінска ля нулявога кіламетра. Зараз на гэтым месцы засталася толькі пачарнелая пляма ад агню. Па словах відавочцаў, усё адбылося настолькі хутка, што ніхто нічога не паспеў зрабіць. Добра, што ў гэты час на Кастрычніцкай плошчы працавалі супрацоўнікі АМАПа, якія паспяшаліся на дапамогу.

Калі людзі ў пагонах спрабавалі патушыць чалавека, ён супраціўляўся і нават хацеў уцячы. Але праваахоўнікам усё-такі ўдалося ўмяшацца і выратаваць чалавеку жыццё.

Асабістая сямейная драма папярэднічала гэтаму надзвычайнаму здарэнню. Гэта высветлілася ўжо пасля. Калісьці ў мужчыны была сям'я, 10 гадоў, здавалася б, шчаслівага жыцця. У 2007 нарадзіўся сын, але затым развод. Два гады таму суд вызначыў дні, у якія Мікалай Воўк можа бачыць сваё дзіця. Гэтае рашэнне бацьку не задаволіла. Знайсці агульную мову з былой жонкай таксама не атрымлівалася. Быў нават пададзены іск у Вярхоўны суд, які прыняты раней вердыкт не змяніў. Гэта і стала апошняй кропляй у чашы цярпення бацькі, даведзенага да адчаю. Дарэчы, у дачыненні да гэтага чалавека раней было складзена 17 адміністрацыйных пратаколаў.

З сур'ёзнымі апёкамі пацярпелага адвезлі ў бальніцу. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Што да Дзмітрыя Сталярова, то ён ужо дома. Не выключана, што за акцыю на кране маладому чалавеку яшчэ трэба будзе адказаць. Калі верыць фірме "Дзвінбуд", то свае грошы хлопец атрымае ўжо ў найбліжэйшы час. Але так ці інакш адно пытанне ўсё-такі застаецца адкрытым: ці варта такім дзіўным чынам вырашаць свае асабістыя праблемы?