Жэрар Дэпардзье ўсклаў кветкі да Кургана Славы і наведаў малочна-таварную ферму

22 июля 2015

Жэрар Дэпардзье, які напярэдадні прыбыў у Беларусь прамым рэйсам з Парыжа, сваё знаёмства з нашай краінай пачаў з гістарычнага і важнага для беларусаў месца. Вядомы французскі акцёр усклаў кветкі да Кургана Славы і нізка пакланіўся памяці загінуўшых. У гады Вялікай Айчыннай вайны легендарны авіяполк "Нармандыя Нёман" удзельнічаў і ў вызваленні нашай краіны. 42 французскія лётчыкі аддалі свае жыцці, ваюючы на тэрыторыі Савецкага Саюза. Падчас візіту ў Беларусь Жэрар Дэпардзье плануе абмеркаваць і свой удзел у здымках сумеснага беларуска-французскага фільма аб гераічнасці ўслаўленага палка.

Наступным пунктам праграмы акцёра стала наведванне малочна-таварнай фермы "Задомля". Як бізнесмен і рэстаратар Жэрар Дэпардзье выявіў асаблівую цікавасць да развіцця сельскай гаспадаркі ў нашай краіне. Акцёр разглядае магчымасць пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў свае ўстановы высокай кухні.

Вечарам у знакамітага французскага акцёра запланавана аглядная экскурсія па беларускай сталіцы.