Ахвочых служыць сярод сучасных маладых людзей становіцца ўсё менш

11 апреля 2013

Таму, пэўна, і растуць сумы хабараў за падробленыя даведкі аб непрыдатнасці. І тут абсалютны рэкорд (прынамсі, вядомы нашым праваахоўнікам) паставіў урач з Віцебска: 3 тысячы долараў за патрэбны дыягназ. Аб тых, хто круглы год косіць, а таксама тых, хто збірае ураджай - рэпартаж Уладзіміра Сёмкіна


 


Служба ў арміі заўсёды была прэстыжнай і ў нейкай ступені рамантычнай. Дзяўчаты чакалі сваіх хлопцаў, пісалі лісты ў канвертах. Сустракалі дамоў ужо сапраўдных мужчын. Летась папоўніць  абаронцаў Айчыны далі магчымасць гіпертонікам і язвенікам: у спіс захворванняў, якія даюць права на адтэрміноўку, унеслі змяненні. Колькі сярод гэтых людзей апынулася рамантыкаў - невядома. У спісе захворванняў аб непрыдатнасці, напрыклад, паранаідальная шызафрэнія - 100% белы квіток. Гэтым адны прымудраюцца карыстацца. А іншыя зарабляць грошы.


Сёння можна паспрабаваць купіць сабе дыягназ. Калі раней, паводле неафіцыйных звестак, ліпавая даведка каштавала ад 300 да 1,5 тысячы долараў, то ўрач віцебскай бальніцы паставіў у гэтай справе рэкорд. Цана пытання - 3 тысячы долараў. І, дарэчы, крымінальная справа за атрыманне хабару ў буйным памеры.


Такія выпадкі прымусілі праваахоўнікаў выкарыстоўваць не зусім стандартныя метады. У Магілёве завастрылі ўвагу на тых, хто не пайшоў у армію па хваробе, але смела раз'язджае па дарогах горада. Як вынік - з 48 прызыўнікоў з дыягназам - 9 з вадзіцельскімі правамі ў кішэні. І гэта, нягледзячы на тое, што ваенкамат і ДАІ шчыльна супрацоўнічаюць у гэтым пытанні.
 


Валерый Трач, старшы дзяржаўтаінспектар УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама: Пры выяўленні асоб з захворваннямі, якія перашкаджаюць кіраваннем транспартнымі сродкамі, адпаведная інфармацыя паступае ў Дзяржаўтаінспекцыю. Мы ўносім іх у сістэму ўліку. На гэты момант у нас у базе каля паўтары тысячы такіх людзей. Сярод іх ёсць асобы, якія раней атрымалі вадзіцельскія пасведчанні.
 


Усіх аўтааматараў з дыягназам накіруюць на пераагляд.  У выпадку пацверджання хваробы - бывай, правы. Дыягназ не пацвердзіцца - дзень добры, армія.