Завышаныя цэны на квадратныя метры, неплацежаздольныя праектыроўшчыкі і даўгабуды

5 июля 2013
Рабочая група, створаная па даручэнні Прэзідэнта, працягвае вырашаць праблемныя пытанні будаўнічай галіны. Завышаныя цэны на квадратныя метры, неплацежаздольныя праектыроўшчыкі і даўгабуды. Рабочая група, створаная па даручэнні Прэзідэнта, працягвае вырашаць праблемныя пытанні будаўнічай галіны. Гэтым разам гаварылі не толькі пра недахопы ў нарматыўных дакументах, але і пра пэўныя даўгабуды. Пачалі з Брэсцкай вобласці. Тут больш за сотню дамоў, дзе сарваныя ўсе магчымыя тэрміны будаўніцтва. Паказальная гісторыя з прыватнай кампаніяй Аблічча, якая ўцягнула некалькі гадоў таму брасчан у вялікую будоўлю. Кампанія збанкрутавала, будоўля замарозілася, а мясцовыя ўлады, якія дэманстратыўна заплюшчвалі вочы на праблемы, прапанавалі людзям заплаціць яшчэ раз.

Вадзім Шчаглоў падрабязней. Этапы будаўнічага працэсу рабочая група аналізуе да дробязяў і літаральна раскладае па палічках. Прычым адразу ж гучаць і пэўныя даручэнні: дапрацаваць, выправіць, ліквідаваць. На апошнім пасяджэнні дадалося і яшчэ адно - дабудаваць! Як і было абяцана, перад рабочай групай пачалі адчытвацца ўсе абласныя выканкамы краіны з пэўнымі графікамі завяршэння будоўлі.
Пачалі з Брэсцкага рэгіёну - тут 125 праблемных дамоў. Складаней за ўсё з ашуканымі дольшчыкамі ў самім абласным цэнтры.
Жыхары гэтага дома ў паўднёвай частцы Брэста па плане ўжо больш як год павінны жыць ва ўласных кватэрах. Тэрміны здачы шматпавярхоўкі неаднаразова пераносіліся. Гэтыя жанчыны, складаючы дамову з Абліччам, як і пяць сотняў пацярпелых, нават уявіць не маглі, што законныя квадратныя метры прыйдзецца так выпакутаваць. Аблічча ператварылася ў класічны прыклад будаўнічай піраміды: грошы ў новых дольшчыкаў бралі, каб дабудаваць ужо пачатыя дамы. На нейкім этапе схема лопнула, як мыльная бурбалка. У выніку - 6 праблемных дамоў. Мясцовыя ўлады пра сітуацыю ведалі, але палічылі за лепшае не ўмешвацца, дабудаваць дамы абавязалі восьмы будтрэст, а ашуканым дольшчыкам прапанавалі заплаціць за свае кватэры яшчэ раз.
З 6 дамоў дабудавалі чатыры. Яшчэ два ў статусе даўгабудаў. Пра іх на пасяджэнні рабочай групы гаварылі больш за ўсё, бо Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў дабудаваць усе праблемныя дамы да канца года. Мясцовыя ўлады, апраўдваючыся, вінавацяць саміх удзельнікаў кааператыва, гісторыя нагадвае вядомую байку Лебедзь, рак і шчупак. Бо ўдзельнікі дагэтуль не могуць прыйсці да згоды, за чый кошт дабудоўваць дом. Тыя, хто ўжо паспеў унесці стопрацэнтную плату, хочуць дабудаваць аб'ект за кошт тых, хто аплаціў толькі частку. За гэты час і цана змянілася, а шматпавярхоўка дагэтуль не дабудаваная. Такое становішча Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта не задавальняе. Андрэй Кабякоў бярэ сітуацыю пад асабісты кантроль і дае мясцовым уладам роўна месяц.
Андрэй Кабякоў, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: Ясна адно, што на сённяшні дзень Брэсцкі аблвыканкам з забудоўшчыкамі гэтых двух кааператываў, якія будавала Аблічча, якое зараз у стане банкруцтва, дагэтуль не разабраўся. Таму вам задача: на працягу месяца вы нам павінны прыйсці і дакласці, што з двума гэтымі ЖБСК сітуацыя ўрэгуляваная, пытанні, звязаныя з даплатай або з улікам таго, што людзі раней заплацілі, адрэгуляваныя, і будаўніцтва ідзе там поўным ходам. Тыдзень тэрмін, графік павінен быць тут.
Андрэй Кабякоў просіць сустаршыняў групы - кіраўнікоў КДБ і Дзяржаўнага кантролю - яшчэ раз вывучыць сітуацыю і пакараць усіх удзельнікаў схемы, у дачыненні да галоўнага фігуранта якой - Мікалая Клімука - ужо ўзбуджаная крымінальная справа па пяці артыкулах, тры з якіх прадугледжваюць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Зрэшты, на пасяджэнні рабочай групы, акрамя тэрмінаў, гаварылі і пра якасць будаўніцтва. Адна з прапаноў - увесці абавязковую атэстацыю для праектыроўшчыкаў. Да гэтага было абавязковае ліцэнзаванне, але два гады таму яго ў працэсе лібералізацыі эканомікі адмянілі. А праектантамі сталі хто хоча.
Яшчэ адна тэма - цана будаўніцтва, у якасці нязменных зараз дзейнічаюць цэны 2006 года. Індэксамі іх даводзяць да сучасных рэалій. У выніку - пралікі і памылкі, ды яшчэ і замаруджваецца пераход на новыя тэхналогіі. Вырашылі перайсці на сённяшнія цэны і распрацаваць для забудоўшчыкаў тыя дакументы, якія дазволілі б беспамылкова падлічыць цану будоўлі.
Гаварылі на пасяджэнні рабочай групы і пра тыпавыя тэхналагічныя карты, якія ўжываюцца ў будаўніцтве. Галоўнае - пашырыць іх ужыванне. Для гэтага група вырашыла: калі індывідуальная карта паўторыцца некалькі разоў, яна стане тыпавой. А значыць сучасныя тэхналогіі ў будаўніцтве стануць даступнейшымі. Ліквідаваць усе праблемы будаўнічай сферы эксперты павінны да канца лета. Прычым збірацца спецыялісты будуць ужо тры разы на тыдзень. Наступны раз рабочая група збярэцца ўжо гэтай раніцай.