Заўтра ўводзіцца забарона на рыбную лоўлю

31 марта 2015

Выключэнне - аматарская рыбалка пры дапамозе адной вуды ці спінінга з адным кручком без заходу ў ваду. Такія меры бяспекі звязаныя з вясновым нерастам рыбы. За невыкананне гэтых правілаў рыбакам пагражае мінімальны штраф на тры мільёны рублёў.

Антаніна Станкевіч высвятляла, як парыбачыць, каб занятак у прамым сэнсе гэтага слова не стаў залатым. У апошні дзень перад забаронай на рыбную лоўлю на вадасховішчах Мінскага раёна шматлюдна. Ды і бярэцца сёння добра – большасць хваліцца плоткай і падлешчыкамі.

У некаторых рыбакоў у арсенале па дзве-тры вуды. Але ўжо заўтра гэта будзе немагчыма. Праўда, большасць рыбакоў правілы ведае. Сабе ж даражэй, бо штрафы за парушэнне вялікія.

Інспектары тлумачаць: гэтыя правілы прыдумалі не проста так. Большасць відаў рыб, якія водзяцца ў азёрах і рэках краіны, нерастуе менавіта ўвесну. Неасцярожная рыбалка можа прывесці нават да таго, што рыба зусім знікне.

Фактычна аматарская рыбалка з заўтрашняга дня не забараняецца. Адной вудай ці спінінгам з адным кручком можна будзе парыбачыць з берага ці нават моста.

Яшчэ некалькі гадоў таму за лоўлю рыбы з мастоў можна было атрымаць зусім не маленькі штраф. Але заўтра такія рыбакі пад санкцыі інспектараў не патрапяць, пры ўмове, што яны выконваюць іншыя правілы, вядома. Забарона распаўсюджваецца толькі на чыгуначныя масты, а таксама гідратэхнічныя збудаванні - дамбы і шлюзы.

Штраф за няправільную рыбалку на першы раз - 3 600 000 рублёў. А вось за паўторны выпадак трэба будзе аддаць усе 9 000 000.